Читать «Доўгае развітанне» онлайн - страница 39

Таццяна Мушынская

Але Надзя амаль не слухала. Яна глядзела на нядаўна такі дарагі твар нібы праз тоўстае шкло, калі бачыш міміку, рухі, але не чуеш голасу. Некалі ягоны голас меў над ёй неадольную сілу. Скажы Маэстра адно слова, і яна кінула б усё і адправілася за ім на край свету.

Цяпер яна слухала і… не чула яго. Надзя раптам спужалася, што такое неспадзяванае адчуванне знікне. Яго свет, нядаўна такі неадольна-прывабны, – каб трапіць туды назаўжды, Надзя гатовая была, не вагаючыся, аддаць усё, што мела, – гэты свет аддаляўся ад яе ў часе і прасторы. Цяпер яны ляцелі па розных арбітах.

«Божа, дзякуй табе! Няўжо так сталася, што насланнё скончылася? І сіла, якую ён меў нада мною і над маімі думкамі, пачала слабець? Захацеў – прыйшоў, захацеў – не прыйшоў. Ён не будзе больш іграць маім жыццём, як котка з мышшу…» – думала Надзя.

– Ты мяне зусім не слухаеш! – ці то здзіўлена, ці то пакрыўджана заўважыў ён.

Напэўна, яна сапраўды глыбока задумалася, бо ўстрапянулася толькі тады, калі Маэстра, на паўгалавы вышэйшы за Надзю, згроб яе ў ахапку і прыхінуў да сябе, каб пацалаваць.

– Не трэба! – Надзя паспела адхіліць галаву ўбок, але, напэўна, досыць рашуча, бо зніякавелы і разгублены Маэстра ледзь не выпусціў яе з абдымкаў.

– Цікава, чаму? – Ён уважліва паглядзеў Надзі ў вочы, нібы жадаючы там знайсці адказ на пытанне.

У грымёрцы ўсталявалася паўза.

– I даўно ты лічыш, што не трэба?

У позірку Маэстра Надзя прачытала разгубленасць, жаданне, захапленне і шмат іншых эмоцый. Але цяпер ягоныя памкненні яе не хвалявалі. «Ну, не, сірэна ты марская! Не паддамся я на гукі тваіх чароўных песень!»

Надзя адчувала, што некалькі ўзаемных вострых рэплік, і святочны, узнёслы настрой пасля канцэрта можа быць цалкам сапсаваны. Напэўна, і ў яго ўзніклі такія ж думкі. Бо Маэстра адпусціў Надзю.

– Ты проста стамілася! – сказаў ён памяркоўна. – Дзіва што, такая праграма! Але які канцэрт атрымаўся! – шчасліва – засмяяўся, вяртаючыся ў думках да пачутага. – Надзя, сёння ты спявала так, як, напэўна, спяваюць анёлы. Перад тым, як пакінуць зямлю і вярнуцца на неба…

– Або калі нехта памёр і яго аплакваюць, адпяваюць. Праўда? – дадала яна, гледзячы пры гэтым у люстэрка і сціраючы з вуснаў яркую памаду. Сказ, па сваёй сутнасці пазбаўлены ўсялякай літасці, але прамоўлены з мілай усмешкай на твары, дзейнічаў мацней, чым калі б ён быў выказаны суровай і ўнурыстай паненкай.

– Ну навошта ты так?! – нават разгубіўся ён.

– Проста развіваю далей тваю думку. Толькі і ўсяго…

– Надзя, з табой нешта робіцца. Я цябе такой калючай і не памятаю. Раней ты была іншай…

«Так. Раней я была анёлам, з якім можна весці сябе як заўгодна. Бо анёл заўсёды будзе цярпець і трываць. А цяпер я перастала ім быць. Паглядзела б, які ты зробішся, калі тыднямі і месяцамі будзеш чакаць нечыіх званкоў!»

– Прабач, я цябе не праводжу. У мяне прызначана вельмі важная сустрэча…

«А мяне твае сустрэчы не хвалююць! Дурніца, а я яшчэ вагалася, – з дакорам падумала яна. – Як цікава атрымліваецца: гераіня вечара пасля шумнага поспеху ў гордай адзіноце дабіраецца ў свой мікрараён. Гэта знак удзячнасці захопленага і шчаслівага аўтара…»