Читать «Доўгае развітанне» онлайн - страница 38

Таццяна Мушынская

У грымёрнай доўжыліся кампліменты, цалаванні ручак і шчочак. Калі хваля віншаванняў нарэшце аціхла, у Надзін артыстычны пакой зазірнуў Андрэй, даўні знаёмы, першая скрыпка таго камернага аркестра, з якім Надзя выконвала сёння ўсю праграму.

Ён працягнуў шыкоўны букет.

– О-о, якія чароўныя ружы! Напэўна, увесь аванс патраціў? I табе не шкада?

– Для цябе – не! Маё даражэнькае сапрана, – напаўжартам-напаўсур’ёзна прамовіў Андрэй. – Такой я вас ніколі не бачыў і не чуў, Прымадонна! Я – у захапленні…

– Няўжо? – засмяялася Надзя.

Яна адчувала: Андрэевы жарцікі і гарэзны тон дапамагаюць вярнуцца з завоблачных вяршыняў да рэальнасці.

– Надзя, – рашуча сказаў Андрэй, – нават не думай пярэчыць: я сёння падвязу цябе. Няўжо ты дадому са сваімі букетамі тралейбусам паедзеш?

З Андрэем яна знаёмая даўно, колькі і супрацоўнічае з камерным аркестрам. На рэпетыцыях Надзя часам раілася з ім, здаралася, траплялі ў адны і тыя ж кампаніі, на дні нараджэння або пікнікі. Напэўна, яна падабалася гэтаму русагаловаму скрыпачу з шэрымі вачыма, калі за святочным сталом ці каля вечаровага вогнішча ён нязменна аказваўся каля яе. Такая акалічнасць цешыла яе жаночае самалюбства, але не больш за тое. Яе думкі былі цалкам занятыя Маэстра, і яна не магла ўспрымаць яшчэ некага побач з сабой у падобнай якасці.

Але сёння Андрэй выглядаў іначай, чым яна прызвычаілася. За крыху блазенскай усмешкай, якая кранала яго твар, у глыбіні вачэй штосьці хавалася. Што – Надзя не магла сказаць – самота, адчай ці нешта яшчэ. Здзівілася, калі нехта, незалежны ад яе, не спытаўшы дазволу, яе голасам адказаў Андрэю:

– Я зразумела, што пярэчыць няма сэнсу. Падвязі!

Напэўна, ён хацеў прыхаваць уласныя эмоцыі, але твар міжволі асвяціўся ўсмешкай і літаральна заззяў.

– Тады я цябе пачакаю…

Пацалаваўшы ёй руку, Андрэй знік за дзвярыма грымёрнай. Спявачка пераапранулася і пачала разгрыміроўвацца.

«Якая радасць – пачуццё сумленна зробленай работы. Ты выканаў тое, што павінен, а цяпер вольны… Не, усё атрымалася лепей, чым я ўяўляла. Вядома, калі праз два дні сяду глядзець відэаверсію канцэрта, знайду ў ім шмат заганаў, таго, што мне катэгарычна не спадабаецца. Але цяпер як добра! Як лёгка… Адчуваю сябе стомленай, быццам пасля дзесяцікіламетровага маршу. Смешна! Адспявала канцэрт, а нібыта мяхі з бульбай цэлы дзень цягала. Артыстка называецца! Смех! – ногі падкошваюцца… Трэба хутчэй збірацца. Даеду да сваёй ускраіны, пап’ю гарбаты – і спаць!..»

У дзверы пастукалі. Надзя загадзя магла сказаць, хто. Так стукаў у дзверы адзін чалавек на свеце – Маэстра. Дастаткова было зірнуць на яго, каб зразумець: на твары кампазітара адлюстроўваўся той стан, які называецца поўным і абсалютным шчасцем. Здавалася, што ён не стаіць на зямлі, а лунае ў паветры. Маэстра пачаў гаварыць пра тое, як цудоўна сёння Надзя спявала. Што ён быў расчулены да глыбіні душы і лепшага выканаўцу ўласных твораў, пэўна, ніколі не знойдзе.