Читать «Доўгае развітанне» онлайн - страница 36

Таццяна Мушынская

Оставь сейчас, чтоб сразу я постиг,

Что это горе всех невзгод больнее.

Что нет невзгод, а есть одна беда —

Твоей любви лишиться навсегда.

Здаецца, згасне надзея, і зрушыцца свет. Цяпер Надзі не трэба было клапаціцца пра эмацыянальныя фарбы, адчай, які яшчэ хаваўся ў душы і віраваў-віраваў у яе цемры, усё падказваў сам.

Артыстка спявала раманс на словы Багдановіча: «Мне доўгае расстанне з вамі чарней ад вашых чорных кос…», – і ўяўленне пераносіла яе на тую сунічную паляну, у бясконцы ліпеньскі дзень.

Далей у праграме ішоў пачуццёвы раманс на словы Лоркі.

Мужчине чужие тайны

Рассказывать не пристало,

И я повторять не стану

Всё то, что она шептала…

Повязь адмысловых мелодый, якая раней так падабалася Надзі ў вакальным цыкле, цяпер прыносіла яшчэ і пакуты, бо здавалася атрутай. Прыгажосць кожнай мелодыі з’яўлялася яшчэ адным бясспрэчным сведчаннем таленту Маэстра, перад зіхаценнем і маштабам якога Надзіны душэўныя пакуты падаваліся ёй дробнымі і неістотнымі.

Далей гучыць раманс на словы Рубцова. Яна памятала радкі, столькі разоў спяваныя падчас рэпетыцый, але цяпер свядомасць выхапіла з гукавой і сэнсавай плыні асобныя радкі:

как будто вечен час прощальный,

как будто время ни при чем…

Як дакладна! Гэты канцэрт і ёсць яе час развітальны.

Да Надзі прыйшло адчуванне, што яна згадвае ўсё так ярка ў апошні раз. Карціны іх агульнага мінулага не будуць больш апякаць душу. Яна спявае і чуе нейчы голас, падобны на яе ўласны і разам з тым чужы, голас нейкай жанчыны, якую Надзя не ведае: «Я развітваюся з табой, мой каханы. Развітваюся з табой назаўсёды. Калі-небудзь мы ўбачымся. Магчыма, ты прынясеш мне свае новыя ноты і будзеш захоплена разважаць пра тое, як я магу іх праспяваць. Але я не буду іх спяваць.

Тое, што было, не вернецца. Не вернецца пачуццё палёту і неабдымнасці свету, не вернецца тое лета. Яно было абяцаннем незямнога, нерэальнага шчасця. Такога не бывае. Можа, таму ўсё скончылася так хутка? Тое лета застанецца толькі ва ўспамінах. Можа, маіх, а не нашых з табой агульных. Бывай…

Не ведаю, як далей будзе складвацца мой і твой лёс. Не ведаю, хто з’явіцца ў тваім жыцці пасля мяне. Але калі-небудзь, праз шмат гадоў кола Фартуны зробіць паварот. І ўжо ты будзеш стаяць перад зачыненымі дзвярыма нейчай душы і спадзявацца, што яны адчыняцца. Будзеш пакутаваць, не спаць ночы і думаць: чаму Яна такая жорсткая?

Мо тады ўспомніш нашы сустрэчы і зразумееш, што такіх пачуццяў у цябе больш не будзе. Болей кахаць немагчыма. Так, як цябе разумею і адчуваю я, ніхто не разумее і не адчувае. Так, як я спявала твае творы, ніхто не здолее спяваць. Не атрымаецца…

Цяпер ты гэтага не разумееш. Усвядоміш праз колькі гадоў, калі магутная плынь часу, адкінуўшы ўсё выпадковае, выявіць сапраўдны маштаб існага. Я хачу беззваротна знікнуць з твайго жыцця. Ты не зможаш мяне вярнуць. I нават чароўная ўлада – сіла тваёй музыкі будзе тут бяссільная. Бывай. Але я дзякую Богу, што ты быў у маім жыцці…»