Читать «Доўгае развітанне» онлайн - страница 34

Таццяна Мушынская

Частка дванаццатая

Канцэртная зала

Надзя прыйшла рана, аркестранты яшчэ не з’явіліся. Яна распелася пад акампанемент Ірачкі, а потым у грымёрнай уладкавалася перад люстэркам і занялася грымам і прычоскай.

Доўгія завушніцы, на шыю калье, на запясце – бранзалет. Усе ўпрыгажэнні выкананы ў адным стылі. Сукенка з дарагой тканіны, але без аздобы, таму біжутэрыі можа быць нямала. Толькі лепей крыху не дабраць бляску, чым перабраць. Працэс грыміравання, а потым і пераапранання з будзённага адзення ў сцэнічны касцюм падобны да таямнічага рытуалу. Калі звыклае «я» ператвараецца ў асобу, табе самой мала вядомую і не надта зразумелую.

Усе прыгатаванні скончаны. Зірнуўшы ў люстэрка, Надзя ўбачыла ў яго шэра-блакітнай глыбіні незнаёмую ёй танклявую жанчыну ў чорнай канцэртнай сукенцы. Выразныя вочы ўдала павялічаны сцэнічным грымам. Каменьчыкі на аздабленнях таямніча паблісквалі і надавалі абліччу некаторую рамантычнасць. «Амаль дзевятнаццатае стагоддзе. Або пачатак дваццатага. У такой сукенцы ў кіно можна здымацца. Інтэр’ераў старадаўняга замка не хапае! Сёння я сабе падабаюся. I грым, і прычоска – усё ўдала, ніякія дробязі не раздражняюць…»

Нарэшце яна паднялася з-за грыміравальнага століка. Ірачка толькі ахнула:

– Надзея Аляксандраўна, вы сёння – як каралева!

– Ага! – іранічна адазвалася Надзя. – Каралева. Толькі чамусьці без каралеўства і караля.

– Будзе кароль, будзе і каралеўства! – пераканана прамовіла канцэртмайстар.

– Ты думаеш? – скептычна адгукнулася Надзя.

– Не сумняваюся! Вы памятаеце, што канцэрт пішацца ў фонды радыё, а ў праходзе залы стаіць відэакамера?

– Гэта ўзнімае нашы акцыі,– засмяялася спявачка.

Усё-такі прыемна, калі ўвесь вечар ты – у цэнтры ўвагі, ты – галоўная гераіня таго, што дзееца вакол. І ўсе – дырыжор, аркестранты, вядоўца, нават капельдынеры і адміністратар залы – толькі і думаюць пра тое, што зрабіць, каб палепшыць твой настрой!

Яшчэ несуладныя галасы камернага аркестра, з якім Надзя будзе сёння спяваць праграму, чуюцца з-за куліс. Музыкі наладжваюць інструменты.

«Галоўнае – не глядзець у ягоны бок. А то саб’юся з патрэбнага настрою. Няхай сустракаецца з кім хоча, тэлефануе каму хоча. Вольнаму – воля, выратаванаму – рай… Калі б я дакладна ведала, што ў яго жыцці з’явілася іншая жанчына, прасцей было б развітацца назаўсёды. Чаму я зноў думаю пра яго? Гэта насланнё! Яго няма! Ня-ма!

Прагучаў другі званок. Хутчэй бы пачатак! Нервы нацягнутыя як струны. Калі за кулісамі хтосьці скажа што-небудзь не тое, я за свае паводзіны не адказваю! Хоць бы ніхто ў душу не лез…»

Вось і апошні, трэці званок. Яшчэ некалькі хвілін – і пачатак! Вядоўца ўжо выйшла на сцэну. Шум у зале спакваля аціх. Стоячы за кулісамі, Надзя не бачыць, а па гуках здагадваецца, што адбываецца на сцэне. Аб’яўляюць першыя нумары. Называюць выканаўцаў. Спачатку – аркестр, потым – дырыжора, потым – яе. Апладысменты. Яе выхад!

– Надзея Аляксандраўна, з Богам! – шэпча на вуха Ірачка.