Читать «Доўгае развітанне» онлайн - страница 33

Таццяна Мушынская

Чаму паўсюль адчуваю сябе адзінокай: у натоўпе на вуліцы горада, сярод калег і каляжанак на вясёлай вечарынцы, нават у сям’і? Нібы пячатка на мне ляжыць, нібы заклён, які немагчыма адолець. Быццам зачараваў хто… І толькі ў час канцэрта, калі плынь музыкі яднае з залай, калі літаральна скурай адчуваю настрой публікі, пазбаўляюся гэтага заклёну. Тады я сапраўдная, якой бачу сябе ўнутраным зрокам, а не ў люстэрку.

Хто гэта разумее? Мой былы муж, які ніколі не хадзіў на мае канцэрты? Ці Маэстра? А што яго цікавіць, апрача ўласных сачыненняў? Ён любіць свой вытанчаны ўнутраны свет і сваю геніяльную творчасць. Ну і няхай любіць! А я тут пры чым? Навошта мне пра яго думаць?

Магу сказаць даслоўна, што потым напішуць пра канцэрт. Тое, што і раней: «Тонкае і ўдумлівае прачытанне», «творчая апантанасць»… Банальныя сказы! Каб яны ведалі ці маглі здагадацца, што ў так званай творчай апантанасці, калі, скончыўшы рыхтаваць адну праграму, адразу бярэшся за другую, у гэтых бясконцых гастролях і запісах у фонды радыё, выяўляецца не толькі любоў да музыкі і прафесіі, але і імкненне пазбавіцца ад заўсёднай адзіноты.

Напэўна, доля мая такая. Навошта на Бога наракаць? Такая нарадзілася, такой і застануся. Навошта ў сабе штосьці мяняць? Для каго і для чаго? Але, каб не прыходзіла і не апаноўвала адзінота, хіба я магла б пачуць тое, што адкрываецца ў нотных аркушах? Галасы вялікіх кампазітараў, якія пайшлі, але пакінулі ўсім – і мне таксама! – самае каштоўнае, што мелі,– уласныя творы? Хіба іх галасы не падказваюць, што і як трэба спяваць? Калі я перастану чуць тыя галасы, маё жыццё як спявачкі скончыцца. I застанецца глядзець тэлевізар, абурацца, як кепска спяваюць маладыя, гартаць старыя, пажоўклыя праграмкі. І яшчэ чытаць старыя рэцэнзіі на ўласныя канцэрты.

Што зробіш, не пашанцавала ў асабістым жыцці. Затое шанцуе як артыстцы. Не бывае, каб і там, і тут поўна. Прафесія звяла мяне з Алегам, яна з ім і развяла. Калі б я не была спявачкай, магчыма, ніколі б не пазнаёмілася з Маэстра…» Толькі цяпер Надзі ў галаву прыйшла думка, якая ніколі не з’яўлялася раней, – што такой сустрэчы наогул магло і не быць. А калі час адкруціць назад? Усё сцерці чароўнай гумкай, назаўсёды замазаць белай фарбай? Ці згадзілася б яна, каб нічога не здарылася? Не… Няхай цяпер ёй горка, але лепей так, як ёсць.

Учора адбылася рэпетыцыя з аркестрам. Апошні прагон праграмы, з першага нумара да апошняга. У паўзах яны ўдакладнялі з дырыжорам тэмпы. Надзя моўчкі выслухала апошнія, дробныя пажаданні аўтара.

Яна крочыць далей і далей прысадамі парку. Як пабудаваны канцэрт? Першая частка – няпэўныя мары, сустрэча, каханне, шчасце. На гэтай узнёслай ноце заканчвалася першае аддзяленне. Другое пачыналася з ростані. Сустрэчы, пакуты, адчай, адзінота, расстанне – і памяць… Усё, як у іх. Надзя даўно вырашыла, што гэты канцэрт будзе яе развітаннем з Маэстра. Будзе ростанню, а па нейкім часе ў душы застанецца толькі няпэўны, расплывісты, самотны ўспамін.