Читать «Доўгае развітанне» онлайн - страница 31

Таццяна Мушынская

Жыццё ўваходзіла ў звыклую каляіну. Цяпер, едучы з цэнтра ў свой спальны мікрараён, Надзя ўжо не дзівілася, як мінулай вясной, чаму твары пасажыраў такія абыякавыя, змрочныя ці нават прыгнечаныя. Цяпер яна сама была такой самай і нічым не вылучалася сярод натоўпу людзей, заклапочаных сваімі справамі.

У сярэдзіне кастрычніка з філармоніі патэлефанавалі – у лістападаўскую афішу можна ставіць Надзін канцэрт. Ці гатовая яна? Гатовая, але цяпер, калі на душу лёг спакой, яна баялася страціць адчуванне раўнавагі. І не хацела больш сустракацца з Маэстра. Некалькі разоў яны бачыліся мімаходзь на аркестравых рэпетыцыях, але пасля іх Надзя хуценька знікала, каб яе ніхто не праводзіў. Напэўна, кампазітар адчуў, што з ёй робіцца штосьці незразумелае, і аднойчы на рэпетыцыі запытаў:

– Надзя, нешта здарылася?

«Здарылася, і вельмі даўно. Толькі не са мной, а з табой», – падумала яна і, спакойна гледзячы яму ў вочы, адказала:

– Не, усё нармальна!

– «I што асаблівае я ў ім знайшла? У яго звычайны твар і звычайны голас…»

Напэўна, адчуўшы яе адчужанасць, Маэстра не стаў нічога дапытвацца і адышоў. Магчыма, пакрыўдзіўся. У музыкаў скура тонкая, усё адчуваюць. Але што ёй да ягоных крыўдаў! Гэта ўжо не яе клопаты…

Частка адзінаццатая

Старыя прысады

Нарэшце прыйшоў дзень канцэрта. Ці таму, што яна хвалявалася, ці з нейкай іншай прычыны, але Надзя кепска спала ўсю ноч. То за ёй, то за бабуляй з Алесікам, то за Маэстра ганяліся і лёталі нейкія страшыдлы і прывіды. Карусель знаёмых і незнаёмых твараў круцілася і мільгацела перад вачыма, нібы кадры з фільма жахаў. Надзя прачыналася, загадвала сабе не спаць наогул, каб ізноў не перажываць таго стану здранцвення, страху і поўнай душэўнай разгубленасці. Але варта толькі прыплюшчыць вочы, як фільм жахаў працягваўся, і яму не было канца. Паднялася зусім разбітай, у галаве было цьмяна.

Ранкам хацела адразу патэлефанаваць яму і спытаць, ці ўсё добра. Бо пасля ночы, як доўгі шлейф сну, гнялі душу незразумелыя страх і трывога. Хоць бы з ім нічога не здарылася!

Надзя ўжо зняла слухаўку, набрала нумар (ведала ж, што ў ягоным тэлефонным апараце нумары ўваходных званкоў не вызначаюцца), але пачуўшы «Алё…», сказанае знаёмым ціхім голасам, паклала яе. Яна дала сабе абяцанне: ніколі і ні пры якіх абставінах яму не тэлефанаваць. Ні-ко-лі! А абяцанні, дадзеныя сабе, трэба выконваць.

«Як я сёння буду спяваць – у такім стане? – Надзя была ў роспачы. – Гэта ж непазбежны правал! Такая велізарная праца, столькі ўкладзена сіл, эмоцый. І ўсё марна, дарма? Квіткі на вечарыну прададзены, вольных месцаў няма. Па запрашэннях павінны прыйсці калегі з вучэльні. Слухач чакае свята, настройваецца. А я не ведаю, як буду спяваць… І што рабіць?!» У глыбіні душы жыло кволае спадзяванне, што за паўдня нешта зменіцца.

Тэлефон зазваніў сам.

– Надзя, – пачуўся голас Маэстра, – гэта не ты толькі што тэлефанавала?

– Не, не я… – схлусіла яна. Памаўчала, а потым спытала: – У цябе ўсё нармальна?

– Нібыта…

– Ну, добра, тады – да вечара…

Бабуля ўжо адправіла Алесіка ў школу і цяпер завіхалася на кухні. Надзя паснедала, пагаварыла з маці пра побытавую драбязу. Накшталт таго, што трэба купіць хлопцу з зімовага адзення, бо леташняе зрабілася малым і цесным.