Читать «Доўгае развітанне» онлайн - страница 29

Таццяна Мушынская

Дзяўчынка засмяялася.

– Праўда, у афіцыйным паведамленні,– жанчына вярнулася да свайго звычайнага голасу, – не скажуць, што хвароба аказалася псіхічная. Твая рэпутацыя застанецца бездакорнай. А пра сапраўдную прычыну шырокія працоўныя масы будуць толькі здагадвацца.

Частка дзясятая

Сон

Напэўна, думка пра вар’яцтва глыбока трапіла ў Надзіну свядомасць, бо аднойчы ёй прысніўся сон. Нібыта яна – пацыентка ці то неўралагічнага аддзялення бальніцы, ці то псіханеўралагічнага дыспансера. Але не «Навінак» – гэта Надзя памятала дакладна. Яна ляжыць на бальнічным ложку. Разам з ёй у палаце знаходзяцца некалькі жанчын. Яны апранутыя ў аблезлыя бальнічныя халаты, а твары іх маюць нейкі бессэнсоўны выраз. Напэўна, іх ужо «напампавалі» адпаведнымі прэпаратамі.

Ідзе ранішні абход. I таму ў палаце цяпер цэлая грамада ў белых халатах: дактары аддзялення разам са студэнтамі, будучымі псіхіятрамі.

Палатны доктар Анатоль Пятровіч па чарзе характарызуе сваіх пацыентак:

– Цяжкая форма шызафрэніі. Жанчына паступіла з наступнымі сімптомамі… У стацыянары знаходзіцца два тыдні. Атрымлівае адпаведнае лячэнне…

«Цікава, як гэта можна так спакойна выслухоўваць, што ў цябе шызафрэнія? Не магу зразумець! Я, напрыклад, моцна б абурылася!» – думае Надзя. Натоўп эскулапаў рухаецца далей.

– Больш лёгкая форма псіхічнага захворвання…

Нарэшце Анатоль Пятровіч спыняецца каля Надзі. «Цікава, што ён пра мяне скажа?»

– Жанчына паступіла ў аддзяленне ў цяжкім дэпрэсіўным стане, з моцнымі парушэннямі сну і апетыту. Скардзіцца на трывожнасць, пачуццё страху. Псіхічнае захворванне развілося, як лічыць пацыентка, на глебе няшчаснага кахання…

Надзя заўважае, што на спакойных і абыякавых тварах будучых псіхіятраў з’яўляюцца цікаўнасць і спачуванне: няўжо на свеце яшчэ засталіся дурніцы, якія могуць звар’яцець ад няшчаснага кахання?..

– Захворванне суправаджаецца галюцынацыямі. Навязлівая ідэя выяўляецца ў тым, што жанчына чытае літаратуру выключна эратычнага характару, просіць у сваякоў DVD-дыскі з фільмамі, дзе шмат эратычных сцэн, а таксама падтрымлівае размовы выключна на сексуальныя тэмы.

– Вось гэта клас! – пачуўся захоплены голас у натоўпе студэнтаў.

На эратычна настроенага практыканта засыкалі.

«Скажыце, калі ласка, навязлівая ідэя! Можна падумаць, шаноўныя эскулапы – святыя! – думае Надзя. – Не глядзяць па вечарах, схаваўшыся ад дзяцей-падлеткаў, такія самыя фільмы. I не з эратычнымі сцэнамі, а звычайную парнуху… Не маюць палюбоўніц, не распавядаюць адзін аднаму непрыстойныя анекдоты і не абмяркоўваюць жаночыя ножкі, а таксама астатнія вабнасці-прывабнасці. Тады ўсю краіну трэба ў вар’яцкі дом пасадзіць!»

Палатны доктар працягваў:

– За тры тыдні знаходжання ў стацыянары станоўчая дынаміка, на жаль, не адзначана. За гэты час хворай прапісваліся наступныя сродкі…– далей ішоў доўгі пералік замежных лекаў.– I таму, параіўшыся з загадчыкам аддзялення, мы вырашылі выкарыстаць найбольш моцны сродак, які дае цудоўны вынік для супакаення нервовай сістэмы…