Читать «Доўгае развітанне» онлайн - страница 28

Таццяна Мушынская

Наша грамадства вельмі дзіўнае. Дзясяткі, а мо і тысячы мужчын і жанчын, якія пакутуюць ад эмацыйнай смагі, ходзяць па вуліцах гарадоў, едуць у транспарце, прыходзяць на працу. Яны прыдумваюць сабе зусім не патрэбныя заняткі і клопаты, фармулююць дурныя лозунгі, абсурдныя правілы, выказваюць ідэі, высмактаныя з пальца. І ўсё для таго, каб не ўсведамляць уласную адзіноту. Каб не прызнацца, што ім няма да каго прытуліцца і няма каго абняць. Што ніхто іх не чакае, і яны нікога не чакаюць.

– Бачыш, нашы з табой погляды амаль сышліся… – дзівіцца дзяўчынка.

– Уяві, хтосьці на ўсё жыццё застаецца эмацыйна і тактыльна галодным. І такую смагу нельга наталіць. Усё адно, што з пустыні Сахара зрабіць квітнеючы аазіс.

– Раней я лічыла, што жанчына ні пра што не павінна прасіць, – кажа дзяўчынка. – У каго ёсць сэрца, сам здагадаецца, а ў каго няма, дык нашто ён мне патрэбен? Я верыла, што няма такіх пачуццяў, якія б не магла ўтаймаваць воля. Але хіба здагадвалася тады, што пачуцці могуць быць як акіянская хваля, як шторм і смерч? Якая воля можа ўтаймаваць шторм? Так званае каханне – гэта пакутлівая і хранічная хвароба і стыхійнае бедства.

Яна памаўчала.

– Ніколі не здагадвалася, што ўва мне самой хаваецца бездань. Бясконцая, бязмежная прастора. Без-дань… Гэта калі ты без дна…

– Як бездань адкрылася сама, так сама і закрыецца, – супакоіла жанчына. – Паглядзі на сябе! Да каго ты падобная?.. Каму ты ў такім выглядзе цікавая? Букеты засохлых кветак непрывабныя. Іх выкідваюць у сметніцу. Дзяўчынка, самаацэнку трэба ўздымаць. У цябе вочы цяпер… як у Муму, якую вязуць тапіць. У іх напісана: «Чаму?! За што?!»

– Дзіўныя асацыяцыі…

– Між іншым, сабакі добра плаваюць. Скокнуў з лодкі – і паплыў. А Герасім няхай топіцца, калі падабаецца на дне сінім ляжаць.

Дзяўчынка засмяялася.

– Дурніца ты. І мазахістка… Падабаецца быць няшчаснай, абражанай, ліць няўцешныя слёзы? Падабаецца пакутваць? Усім жанчынам падабаецца. Але слабым, а не моцным. Пачні новае жыццё.

А то заладзіла, як капрызлівае дзіця: «Дайце мне гэтую цацку!» А мо тая цацка табе не патрэбная? Ты – спявачка. Разумееш?! А хто яна па сваёй сутнасці? Марская сірэна, якая спевамі (дарэчы, вельмі эратычнае мастацтва!) заваблівае мужчын у свае сеткі. А ты не завабліваеш. Ты – рыбка, што заблыталася ў чужых сетках і ляжыць, нежывая, на беразе.

– Хто думаў, што вынік акажацца такім дурным і бяздарным?

– Аблом, кажа сучасная моладзь. Аптычны падман. Ты прайграла… Але ты не адна прайграеш. Трэба прызнаць паражэнне. З яго пачынаецца перамога над сабой і сітуацыяй. Але супернік быў годны. І ў гэтым суцяшэнне. Ты – прыгажуня. Вакол цябе мала рамантычных і таленавітых? Яны павінны на калені перад табой падаць. А табе застанецца толькі выбіраць. Ты брывом павяла, а ён пабег твае жаданні выконваць…

Слухай, падобныя размовы мне надакучылі. Калі будзеш бясконца пра яго думаць, скончыцца кепска, – падвяла рысу пад іхнімі дыялогамі дарослая Надзя і аб’явіла жалобным і суровым голасам дыктара: – Музычнае мастацтва краіны панесла непапраўную страту. Пасля працяглай хваробы памерла выдатная прадстаўніца нацыянальнай вакальнай школы…