Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 99

Ніл Гілевіч

Не хаваю дні ў прыполе — Рассяваю поўнай жменяй. Што ні дзень — жыцця ўсё болей, Што ні дзень — жыцця ўсё меней. («У гаях лапоча лісце»)

Мы часам гаворым — і, можа, залішне часта — пра філасафічнасць паэзіі там, дзе яе няма. А вось я прывёў узор паэзіі — не, не назаву яе філасофскай, але паэзіі глыбокай змястоўнай думкі. Так, многа сказана ў гэтых двух скупых радках і — мудра сказана: «Што ні дзень — жыцця ўсё болей, што ні дзень — жыцця ўсё меней!» Як-то кажуць, ёсць над чым падумаць. З ходу ўсё багацце ідэйна-эстэтычнага зместу такога верша не схапіць. Гэта і ёсць сённяшні ўзровень майстэрства паэта Генадзя Бураўкіна.

У вершы «Выток», якім заканчваецца аднайменная кніга, Бураўкін задае сабе рытарычнае, але не марнае пытанне:

Што радасці маёй выток, Выток натхнення і гарэння? — З крыніцы полацкай глыток, З лясоў, з-пад самага карэння, Ці зорных караблёў віток Над светам, поўным захаплення, Ці ленінскіх сцягоў паток Пад майскім ветрам абнаўлення?..

Адказ на гэтае пытанне даецца там жа адразу: і першае, і другое, і трэцяе — усё разам яшве ў душы паэта як адно неразрыўнае і нераз'яднанае і канешне ж з'яўляецца галоўным і невычэрпным вытокам ягонай сапраўднай творчай радасці, творчага шчасця.

Пяю, як трапяткі лісток На дрэве вернасці высокім. І хочацца, каб мой радок Стаў нейчай радасці вытокам...

Ужо даўно паэтычны «радок» Генадзя Бураўкіна стаў светлай радасцю для яго сучаснікаў-чытачоў, якія неаднойчы засведчылі яму сваю шчырую ўдзячнасць і прызнанне. Многа-многа разоў зведаў гэтую чытацкую радасць і я.