Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 98

Ніл Гілевіч

Вам і рукі і душы скруцілі, Завязалі па сем вузлоў, Каб маўчалі вы, як скаціна, Нават родных не помнячы слоў. Абкрывяпілі сэрца даволі Здзекаў, крыўд і няпраўд асцюкі... Я хацеў вас прывесці да волі. Я вам шчасця хацеў, дзецюкі. Но чакайце ж здалёк падмогі І не верце ў добрых цароў. Колькі будзе жыцця і змогі, Не пускайце з рук тапароў.

Гэта — Каліноўскі, гэта яго апошняя споведзь перад «дзецюкамі», апошняе да іх слова з шыбеніцы, апошні наказ ім і запавет... Але гэта, вядома ж, і Бураўкін.

Я пахадзіў па свеце белым, Жыццё пабачыў без пакут, А сэрца ўсё адно балела За бедны мой забраны кут. Як цуд чужы вачэй не цешыў, Душа шаптала мне сама: Ёсць край цяплейшы, багацейшы, Але раднейшага няма. Я гаманіў у кожнай хатцы Тым словам, што жыло з вякоў, І клікаў я народам звацца Забітых працай мужыкоў. Заўсёды аб адным малюся: Хай пошасць нас не закране. Мне сняцца сны аб Беларусі — Шчаслівай, вольнай старане.

Гэта — Купала, купалаўская прызнанне і клятва, боль і туга, вера і надзея... Але гэта, вядома ж, і Бураўкін.

Так сказалі пра сябе, пра сваю гаротную бацькаўшчыну, пра шматпакутны беларускі люд Францыск Скарына, Кастусь Каліноўскі і Янка Купала. Так сказаў пра сябе, пра любую маці Беларусь і пра свой таленавіты і гераічны народ іх нашчадак, наш сучаснік паэт Генадзь Бураўкін. Хораша сказаў, моцна, ярка, пераканаўча! Падкрэсліваю: думы вялікіх рупліўцаў і змагароў за шчасце народа, вялікіх сейбітаў на ніве беларускай асветы і культуры, дакладна і мудра ўзгоднены ў паэме з думамі Леніна. З гістарычна-філасофскага пункту гледжання гэта вельмі праўдзіва, што іменна Ленін — найвялікшы з вучоных-мысліцеляў і рэвалюцыянераў — разумее і рэтраспектыўна падтрымлівае шчыры, самаахвярны клопат лепшых сыноў Беларусі. Клопат, які не быў марны, бо ўрэшце ён павінен быў завяршыцца і завяршыўся тым, што «свой пасад сярод народаў мая радзіма запяла». У гэтым трэба бачыць сапраўдны гістарызм творчага мыслення аўтара.

Актуальнасць гучання тэмы акцэнтавана ў заключных строфах твора: усё, чым мы сёння шчаслівыя, чым ганарымся і радуемся, чым вядомы ў свеце,— мы здабылі і маем таму, што і зараз, «штодня, штохвіліны Ленін думае пра Беларусь». Чытач разумее, што слова Лепін тут азначае Ленінскую Камуністычную партыю.

Усё лепшае, што гучала ў грамадзянскай лірыцы Бураўкіна, у паэме «Ленін думае пра Беларусь», сканцэнтравана і ўвасоблена з асабліваю мастацкай сілай, сплаўлена ў паэтычным сплаве вялікай трываласці і моцы. Несумненна, што гэта крок наперад у творчай біяграфіі паэта. Наогул, 70-я гады былі для Бураўкіна гадамі надзвычай плённымі. Кнігі «Выток» і «Варта вернасці» аказаліся этапнымі ў тым сэнсе, што яны яскрава засведчылі падыход сапраўднай творчай сталасці паэта, далейшы прыкметны рост яго майстэрства. Удасканаленне прафесійнага майстэрства — гэта пераадоленне пэўных слабасцей і недахопаў, звязаных з недастатковасцю жыццёвага і творчага вопыту. Як і кожнаму сур'ёзнаму творцу, Бураўкіну таксама давялося на шляху станаўлення сёе-тое пераадолець. Напрыклад, пэўны недавер да сябе, да сваёй уласнай біяграфіі, якая іншы раз падменьвалася сумарнай біяграфіяй свайго пакалення, ад імя якога ён браў слова. Гэтаксама і пэўны эмацыянальны «перабор», залішняе фарсіраванне пачуцця, празмерны націск у тым, я сказаў бы, небяспечным моманце, дзе можна лёгка пераступіць мяжу і дасягнуць супроцьлеглага пажаданаму эстэтычнага выніку. Асабіста мне не здавалася апраўданай у некаторых ранейшых вершах і пэўная празаізацыя інтанацыі, нейкая рытмічная расслабленасць і запаволенасць «цячэння» радка; трацілася тая эмацыянальная напружанасць, той рытмічны напор, што не дае расслабіцца і ўспрыняццю чытача. Карацей кажучы, узыход на вяршыні майстэрства, хоць і пачаўся з першых жа крокаў вельмі ўпэўнена і рашуча, не быў простым і лёгкім, як гэта можа каму-небудзь падацца. Усе гады ішла вялікая, нябачная чужому воку работа над словам і радком, над пачуццём і думкай, работа душы, розуму і сэрца. І ўсё глыбейшымі робяцца задумы, усё больш выразнымі паэтычныя малюнкі, усё больш дакладным і важкім слова. І ўжо не дзіва спаткаць такія змястоўна-ёмкія афарыстычныя формулы, якія даюцца толькі спелым і дасканалым майстрам.