Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 97

Ніл Гілевіч

Паэмы Бураўкіна, як і большасць сучасных паэм, не маюць класічнай жанравай структуры. Іх мастацкая форма свабодная. Як правіла, гэта — счэпленыя задумай і настроем у адно цэлае паасобныя, адносна самастойныя кавалкі — карціны, сцэны, лірычныя роздумы і г. д. Збудаванне трымаецца, такім чынам, не на стрыжні апавядальнага сюжэта, а на аснове ўдалага мантажу. І трымаецца, трэба сказаць, моцна, трывала,— дзякуючы падпарадкаванасці ўсяго матэрыялу адзінай вялікай ідэі. Асабліва добра бачна гэта ў паэме «Ленін думае пра Беларусь».

Апошняя паэма Генадзя Бураўкіна — прынцыповая творчая ўдача аўтара і несумненнае дасягненне беларускай (а шчыра кажучы — і ўсесаюзнай) паэтычнай Ленініяны. Паэма вельмі цікава, арыгінальна задумана. Уладзіміру Ільічу прыносяць тэлеграму з Мінска — запрашэнне прыехаць на першы з'езд Саветаў рэспублікі. Тэлеграма абудзіла ў душы правадыра рэвалюцыі ўспаміны пра Беларусь і думы пра лёс народа, якому вялікі Кастрычнік вярнуў права на гістарычнае існаванне, па жыццё і будучыню.

«Яшчэ адна рэспубліка пад сцягам — Дзяржаўнасць аб'яўляе Беларусь. Вось і адказ усім буржуйскім звягай... Не затрымаць рэвалюцыйны рух!.. Не толькі волю — мы народам памяць Вяртаем, каб са славаю жылі, Каб годнасць, дратаваную вякамі, Прынеслі напаказ усёй зямлі, Каб бераглі гісторыі карэнне, Былым не падуладнае гадам...»

Бясспрэчна, гэта — ленінскі лад думак, гэта яго разуменне, яго пазіцыя ў такім важным пытанні, як нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва ва ўмовах перамогі сацыялістычнай рэвалюцыі. Таму і хораша гучаць радкі паэмы, таму і верыш аўтару, што ўсё гэта — вельмі па-ленінску, што нідзе няма адступлення ад сутнасці і духу яго вучэння, яго палітыкі, яго стылю дзяржаўнага кіраўніцтва і нават яго чалавечага характару.

Успаміны Уладзіміра Ільіча пра пэўныя моманты яго асабістых судакрананняў з Беларуссю і яе культурай далі паэту магчымасць увесці ў твор постаці трох выдатнейшых сыноў беларускага народа — Францыска Скарыны, Кастуся Каліноўскага і Янкі Купалы. І што асабліва важна — увесці так, што самастойныя самі па сабе расказы пра кожнага з іх знітаваны, спаяны між сабой глыбокапатрыятычным пачуццём аўтара, якое ў сваю чаргу прапушчана праз прызму ленінскага разумення гісторыі, асветлена непамерклым святлом ягонага розуму, ягонай волі, ягонай душы.

Ты мне, мой горад, даруй, што ціхае імя Францішак Я памяняў на нянаскае, гучнае імя Георгій. Радзімы ж сваёй не мяняў, як нацельны крыжык. Ад мовы сваёй не адрокся ні ў шчасці, ні ў горы. Мэту маю і надзею, пакуту маю і трывогі,— З літар, як з кропелек поту, збіраў я свае першадрук! Не для цароў венцаносных, абраннікаў бога, А для цябе, светласэрцы мой люд чарнарукі.

Гэта — Скарына, гэта ён так прачула звяртаецца да роднага горада і да свайго «чарнарукага», «светласэрцага» народа. Але гэта, вядома не, і Бураўкін.