Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 95

Ніл Гілевіч

Наконт апошняй трэба зрабіць адну абавязковую агаворку. У Бураўкіна вершы аб прыродзе, аб прыгажосці роднай зямлі заўсёды адухоўленыя. Гэта малюнкі і вобразы, убачаныя не толькі вачыма, але і душой, і перш за ўсё душой, хаця і прадметна-зрокавая іх фактура проста зайздросная, цудоўная ў сваіх дакладных, трапных параўнаннях і метафарах.

Над соснамі, асінамі Гуляюць па бары Зялёныя і сінія Залётныя вятры. На вербах разапрэлых Скідаюць кажушкі Нахохленыя, белыя Тугія каташкі. («Сняжынкі на расстанне»)

А музыкі, колькі музыкі ў гэтых ціхіх вершах паэта! Колькі пявучасці і меладычнасці ў самім гучанні радка! Мне ўжо даводзілася аднойчы гаварыць у друку пра гэтую выдатную якасць паэзіі Бураўкіна спецыяльна, і я не стану зноў спыняцца на ёй і ўдавацца ў падрабязны разгляд. Зазначу толькі, што звярнуць увагу чытача на гэта мне здаецца сёння прынцыпова важным, бо наша сучасная паэзія як бы пачала крыху нядбайна ставіцца да прыроднай рапсодыі беларускага верша, да яго музычнага ладу і складу, а ў цэлым, аказваецца,— да гармоніі зместу і формы, да культуры паэтычнага слова. Не выпадкова многія вершы Бураўкіна пакладзены кампазітарамі на музыку, сталі песнямі. А яшчэ больш, я ўпэўнены, будуць пакладзены і загучаць паўсюдна, блізка і далёка, бо не можа ж такога быць, каб таленавітыя музыкі доўга праходзілі міма вось гэтакіх, напрыклад, радкоў:

Скажы мне, Скажы мне, Што гэта было — Адчаю імгненне, У вечнасць імкненне, Аб шчасці маленне, Ці проста здзіўленне, Ці проста Зямнога кахання святло? Скажы мне, Скажы мне, Што гэта было — Жыцця патуханне, Ці смерці дыханне, Ці неба ў абдымках зямлі Калыханне, Калі ні вяртання назад, Ні адхлання, А толькі Рыданне, Гарэнне, Згаранне?.. Скажы мне, Няўжо гэта з намі Было?.. (“Скажы мне...»)

І так, да замацаванай у энцыклапедычных і іншых навуковых выданнях характарыстыкі дадаём: натхнёны і пранікнёны пясняр самых тонкіх інтымных зрухаў у чалавечай душы, пяшчотны і задушэўны лірык, чуйны да настрою ў прыродзе, глыбока падлеглы пачуццю замілаванасці яе чароўным хараством, прагны да гармоніі жыцця і паэзіі, дасканалы майстар ціхай музыкі ў слове. Аднак жа і цяпер мы не можам сказаць, што нарэшце Бураўкін адкрыўся перад намі ўсімі гранямі свайго мастацкага дару, што слова паэта цяпер ужо засвяцілася перад намі ўсімі фарбамі і колерамі яго эмацыянальнай палітры. Бо вось жа чытаем вершы з нізкі «Некалькі жартаўлівых дыялогаў», вершы «Застолле пасля абароны дысертацыі», «Спроба вясёлай песенькі пра нетыповых турыстаў» і некаторыя іншыя,— і перад намі паўстае Бураўкін, можна сказаць, раней незнаёмы, у зусім новай якасці: Бураўкін гумарыст і сатырык! Каб не здалося, што я перабольшваю і, чаго добрага, па-сяброўску прыпісваю паэту пазваную каштоўную рысу, запрашаю прачытаць разам і пераканацца: