Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 94

Ніл Гілевіч

Адзначаная рыса, а дакладней — характар лірычнага героя, яго маральны максімалізм заўсёды імпанаваў і імпануе маладым чытачам паэта. Думаю, што менавіта гэта якасць забяспечыла Бураўкіну яшчэ ў маладыя гады шырокае прызнанне і павагу ў асяроддзі камсамольскай моладзі, якія з цягам часу ўсё больш пашыраліся і мацнелі. Сяброўства паэта з камсамолам магло б быць тэмай асобнай вялікай размовы, таму што ў пасляваеннай беларускай паэзіі другога такога прыкладу, здаецца, і няма. Мы ўжо не карыстаемся, як у дваццатыя гады, азначэннем «камсамольскі паэт», але да Бураўкіна, да яго чалавечай і творчай біяграфіі яно б вельмі і вельмі пасавала. «Я твой трубач, таварыш камсамол!» О так, справядліва і дакладна: нястомны баявы трубач шматмільённай арміі савецкай моладзі! І сказана гэта было не чвэрць стагоддзя назад, у пару камсамольскага юнацтва, а ўжо ў зусім сталым веку. А магло б быць паўторана і сёння, таму што і дагэтуль паэт не сказаў камсамолу «бывай», таму што яго душа па-ранейшаму вельмі чуйна настроена на духоўныя запатрабаванні моладзі.

І так, паэт-грамадзянін, паэт байцоўскага гарту і тэмпераменту, паэт-трыбун і публіцыст? Так, правільна, і мы, спадзяюся, толькі што яшчэ раз пераканаліся ў гэтым. Такім увесь час і падае Бураўкіна наша беларуская крытыка. На жаль, толькі такім. Кажу, на жаль, бо характарыстыка гэта вельмі няпоўная,— сапраўдны рэальны паэт Генадзь Бураўкін ніяк у яе не ўкладваецца. Мы наогул любім трымацца за аднойчы некім дадзеную атэстацыю, паўтараць, як клішэ, чужую думку-ацэнку. Замест таго каб глянуць на тую ці іншую паэтычную з'яву сваімі ўласнымі вачыма, разабрацца ў ёй самастойна і ўбачыць яе ва ўсёй паўнаце і шматграннасці. Калі б крытыка глянула на паэзію Бураўкіна менавіта так, яна б з не меншым поспехам даказала, што гэта ціхі і пяшчотны лірык, пранікнёны пясняр тонкіх, глыбока інтымных перажыванняў і настрояў, тых эмацыянальна-псіхалагічных станаў чалавека, калі душа няйначай раствараецца ў навакольнай прыродзе або лучыцца з другой — роднай і блізкай — душою да самазабыцця радасна, соладка, горача.

Патухаюць, цямнеюць высі. Зоркі ўспыхваюць над сінявой. Да пляча майго прыхініся Залатою сваёй галавой. Чуеш вецер і чуеш вечар? Чуеш, ціха бярозы рыпяць? На твае худзенькія плечы Асыпае звон зарапад. Гэта я з табою вечарую, Туманамі цябе чарую. Васількоў шапатлівай моваю Зачароўваю, зачароўваю. Роснай сцежкаю, рэчкай ціхаю Закалыхваю, закалыхваю...

Не буду падаваць гэты лірычны цуд да канца, хаця — як і заўсёды ў такіх выпадках — цяжка стрымацца і абрываць яго напасярэдзіне. Звернем увагу, які натуральны топ гэтай чыстай і пяшчотнай чалавечай мовы. Ні трохі не менш натуральны, чым у іншых, «гучных», публіцыстычных вершах Бураўкіна. Гэта сведчанне шырыні эмацыянальнага дыяпазону аўтара, што заўсёды было і ёсць адзнакай таленту не абы-якога. Амплітуда лірычнага пастрою ад аднаго полюса даходзіць да другога — ад сапраўды гучных заяў і дэкларацый да ціхага шэпту і споведзі напаўголасу. Як усякі значны талент, Бураўкін не бянтэжыцца, што нехта ўжо звыкся з уяўленнем пра яго як пра паэта высокага грамадскага гучання, і зусім не намераны гвалціць сваю чалавечую і мастакоўскую прыроду ва ўгоду якой бы то ні было зададзенасці. Адзін з яго вершаў так і называецца «Ціхі верш», і ў ім сапраўды пануе дзівосная музыка вячэрняй цішыні, у ім усё так сцішылася, што нават можна пачуць, «як б'ецца сэрца ля сэрца». І гэтакіх ціхіх вершаў у Бураўкіна нямала, і сярод іх — сапраўдныя паэтычныя шэдэўры, без якіх немагчыма ўявіць анталогію беларускай любоўнай або пейзажнай, прыродаапісальнай лірыкі.