Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 93

Ніл Гілевіч

А госці п'юць твае кактэйлі тонкія З магутнасці, цынізму і маны. І прыкрываюць фракі вашынгтонскія Нямытага Гарлема лахманы. І я паверу, што святло памеркне Ад сейфаў напакованых тваіх. А вось, што ты шчаслівая, Амерыка, Нікому не паверу і на міг... («Амерыка»)

Хачу зноў жа падкрэсліць: палітычныя вершы Бураўкіна — гэта не творы-аднадзёнкі, не рытарычныя дэкларацыі. Гарачы, неспакойны пульс жывога сэрца перадаецца ў іх рытму, інтанацыі, вобразам свежым і самабытным; іх не абвінаваціш у стэрэатыпнасці, абкатанасці, «расхожасці» паэтычнай лексікі і фразеалогіі, як і ў збітасці, банальнасці рыфмы. Зусім наадварот! Можам пераканацца яшчэ раз:

Ах, кампрамісы, кампрамісы — Малочных рэчак берагі. Давай другім і сам карміся. Кінь сухары — еш пірагі! Ты толькі збоч, ты толькі збойся, Зняверся ў нечым хоць на міг — І лоўка прашмыгне забойца Тваіх сяброў, ідэй тваіх. А потым будзе кроў дыміцца, Удараць боты па касцях... Ах, кампрамісы, кампрамісы!.. І рукі выпускаюць сцяг... («Кампрамісы»)

Грамадзянская лірыка Бураўкіна вызначаецца той зайздроснай якасцю, якую называюць байцоўскай. Жыццёвая пазіцыя яго лірычнага героя — адкрыта партыйная і наступальная. «Я з твайго неспакойнага племені, Партыя» — гэта поўная высокай гордасці заява ў вуснах маладога паэта (верш з першай кпігі Бураўкіна) сёння, калі ім пройдзены ўжо немалы творчы шлях і ёсць на што азірнуцца, успрымаецца па-асабліваму: яна пралівае святло на ўсю яго творчасць і многае ў ёй тлумачыць. Партыйная пазіцыя — гэта, апрача ўсяго іншага, пазіцыя непрымірымасці да шматаблічнага зла, гэта — бой беспрынцыпнасці, раўнадушнасці, апалітычнасці, мяшчанска-абыватальскай філасофіі і маралі.

За дабрату стаю сцяною. І ўсё ж не давяраю тым, Што абдымаюцца са мною І з непрыяцелем маім. Хаця ў іх без калючак ружы І ні хмурыначкі ўваччу, Я не хачу іх шчодрай дружбы, Спагады іхняй не хачу. Мая гарачнасць маладая Двудушша не даруе ім. («Я не люблю людзей, якія...»)

Гэтакія ці падобныя паэтычныя абвяшчэнні маральнай праграмы лірычнага героя досыць частыя ў Бураўкіна. Абвяшчэнні наколькі адкрытыя, катэгарычныя, безагаворачныя, настолькі і адказныя, бо зразумела, што вымагаецца ад чалавека, які публічна і так рашуча абнародвае сваё грамадзянскае крэда. Трэба ж мець права на такое самапрызнанне, трэба адчуваць, што ты маеш гэта права, трэба быць упэўненым у сабе, у сваёй ідэйнай і маральнай бескампраміснасці.