Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 110

Ніл Гілевіч

Чым жа растлумачыць, што ў век космасу, атама, біёнікі, электронікі — як мы яго толькі не называем! — адным словам, у век бурнага развіцця НТР цікавасць шырокіх колаў грамадскасці да народнай творчасці, да фальклору — узрастае? Пытанне гэта, вядома, вельмі няпростае. Тым не менш, паспрабуем выказаць некаторыя свае меркаванні, не прэтэндуючы, зразумела, на беспагрэшнасць і вычарпальнасць адказу.

На нашу думку, адна з асноўных прычын таго, чаму мы раптам так дружна пацягнуліся да фальклору — тоіцца ў асаблівасцях нашага часу, у сацыяльна-псіхалагічных умовах жыцця. Урбанізацыя, тэхнізацыя, засілле робатаў і сурагатаў, штучных матэрыялаў і нават штучнага харчу — усё гэта абуджае ў чалавека моцную настальгію па натуральнаму, прыроднаму, сапраўднаму, няштучпаму. Тая ж сіла, што гоніць нас з удушна-дымнага горада на прыроду, у лес, у поле, на раку,— тая ж сіла прымушае нас павярнуцца тварам да фальклору — таксама натуральнай, сапраўднай, непадробнай паэзіі, прымушае прычасціцца душою да першародных, неапошленых і неспахабленых крыніц хараства. Відаць, мы стамляемся не толькі ад шуму-тлуму і лішняй інфармацыі, але і ад клопатаў-згрызот, пачуццяў і думак вельмі будзённых, далёка не святочных, і таму фальклор — гэты па-дзіцячы бясхітрасны, чысты, неспадманна прыгожы паэтычны свет — з'яўляецца для нас аддушынай, ён спаталяе нашу прагу — вечную і непераможную чалавечую прагу дабрыні і справядлівасці, праўды і шчырасці, чысціні і хараства. Мы стамляемся ад духоўнага сурагату, ад тандэтнай прадукцыі гэтак званага «мастацкага шырпатрэбу», які кожны дзень і на кожным кроку абрынваецца на нас і аглушае наш музычны і паэтычны слых, прытупляе наш мастацкі густ.

З тых жа сацыяльных працэсаў, што выкліканы развіццём НТР, а таксама з незвычайна інтэнсіўнага росту міжнародных эканамічных і культурных сувязяў, усемагчымых кантактаў, вынікае і другая прычына павароту культурна-творчых сіл грамадскасці — і перш за ўсё пісьменнікаў — да фальклору як да вытокаў нацыянальнага духу. Справа ў тым, што хочам мы гэтага ці не, але ў сілу саміх умоў нашага існавання, асаблівасцей нашага часу, на ўсёй бадай што планеце акрэслілася тэндэнцыя да касмапалітызацыя духоўнага жыцця, якая моцна падтрымліваецца тэндэнцыяй прагматызму, паколькі прагматызм — катэгорыя нацыянальна безаблічная і, само сабой зразумела, бездухоўная. А ў свеце ёсць сацыяльныя і палітычныя сілы, зацікаўленыя ва ўзмацненні гэтых тэндэнцый, у пашырэнні бездухоўнасці.