Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 105

Ніл Гілевіч

Значыць, дакуль будзе існаваць чалавецтва, датуль будзе існаваць і сатырычны смех і будзе дапамагаць яму развівацца. Гэта агульная філасофская аксіёма, зразумела, цалкам прыкладаецца і да нашага сацыялістычнага грамадства, якое таксама не стаіць на месцы, у якім працягваецца пачаты Кастрычнікам працэс рэвалюцыйнага пераўтварэння асноў жыцця, усё глыбей і глыбей захопліваючы сферы грамадскай псіхалогіі і маралі,— тыя сферы, з якімі ў першую чаргу мае справу пісьменнік.

Вось чаму — на наш сённяшні дзень, сённяшні стан рэчаў, на наша сённяшняе жыццё мы павінны глядзець з вышыні тых грамадскіх ідэалаў, якія паставілі задачай сцвердзіць, у імя якіх працуем і змагаемся. І калі мы паглядзім іменна так, то ўбачым, што для сатыры ў нас работы — толькі паспявай, што гэтаму роду зброі ржавець нельга,— забываць, ігнараваць і не выкарыстоўваць сёння сілу мастацкага смеху проста злачынна.

Яшчэ на зары Савецкай улады У. І. Ленін, маючы на ўвазе жулікаў, дармаедаў і хуліганаў, з вялікім гневам пісаў: «Ніякай літасці гэтым ворагам народа, ворагам сацыялізма, ворагам працоўных. Вайна не на жыццё, а на смерць... вайна жулікам, дармаедам і хуліганам. ...Усякая слабасць, усякія хістанні, усякае сентыментальнічанне ў гэтых адносінах было б найвялікшым злачынствам перад сацыялізмам».

Думаць, што ў нашай слаўнай працоўнай сям'і падобнае паскуднае семя ўжо назаўсёды звялося, што ў нашым жыцці мы ўжо канчаткова пахавалі «гэтыя адкіды чалавецтва, гэтыя безнадзейна гнілыя і змярцвелыя члены, гэтую заразу, чуму, язву», (словы У. І. Леніна),— было б недаравальнай наіўнасцю. Перажыткі ў псіхалогіі людзей вельмі жывучыя і да таго ж здольныя, пры адпаведных умовах, ажываць і разрастацца. Іх трэба пастаянна выкрываць і даваць ім бой. «Не можа быць перамогі камуністычнай маралі,— гаварыў тав. Л. І. Брэжнеў,— без рашучай барацьбы з такімі яе антыподамі, як хцівасць, хабарніцтва, дармаедства, паклёп, ананімкі, п'янства і да т. п. Барацьба з тым, што мы называем перажыткамі мінулага ў свядомасці і ўчынках людзей,— гэта справа, якая патрабуе да сябе пастаяннай увагі партыі, усіх свядомых перадавых сіл нашага грамадства». Названыя ў выступленні тав. Л. І. Брэжнева разнавіднасці сацыяльнага зла асабліва добра чуюцца там, дзе не створана грамадская атмасфера нецярпімасці і непрымірымасці да іх, дзе мае месца беспрынцыпнасць, пануюць мяшчанская філасофія і абывацельскія настроі. Іменна на гэта звяртаў увагу тав. П. М. Машэраў, калі гаварыў: «Трэба ў цэлым узнімаць маральную сталасць людзей і, дарэчы, настойліва развенчваць тых, хто маскіруецца пад вонкавую прыстойнасць, а, па сутнасці, жыве не па прынцыпах і нормах нашага сацыялістычнага ўкладу жыцця. У нас нямала людзей, якія не п'янствуюць, не крадуць, не парушаюць грамадскага парадку, але жывуць у палоне вузкіх эгаістычных інтарэсаў, накапіцельства, мяшчанства, па прынцыпу: мая хата з краю. Іменна такая, фактычна абывацельская пазіцыя асобных груп людзей, у большай або меншай ступені паражоных усякага роду скрытымі заганамі, якраз і стварае мікраасяроддзе для выжывання дармаедаў, жулікаў, кар'ерыстаў, падхалімаў і іншых носьбітаў чужых нам нораваў і поглядаў.