Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 104

Ніл Гілевіч

І ўсё ж я павінен не без засмучэння канстатаваць, што ў цэлым наша літаратура як бы пачала паступова траціць гэтую зайздросную здольнасць — смяяцца. Усё радзей і радзей спатыкаеш і адчуваеш ачышчальную сілу смеху ў кнігах прозы і паэзіі, на старонках часопісаў і газет. Хіба што толькі ў галіне драматургіі малюнак некалькі іншы: па-ранейшаму верны сабе Андрэй Макаёнак, які зноў і зноў звяртаецца да жанру сатырычнай камедыі, плённа шукаюць сябе ў гэтым жа кірунку М. Матукоўскі, А. Петрашкевіч і іншыя драматургі.

Чым тлумачыцца пэўны спад сатырычнай і гумарыстычнай плыні ў нашай літаратуры — пытанне не простае, разабрацца ў прычынах гэтай з'явы належным чынам і ўсебакова — справа гонару нашых крытыкаў і літаратуразнаўцаў. Мне ж бы хацелася тут паказаць толькі на адну акалічнасць не творчага парадку, якая, па майму перакананню, садзейнічае гэтаму непажаданаму спаду і ўжо ва ўсякім разе не спрыяе ажыўленню і росквіту сатырычна-гумарыстычнай творчасці ў нашай літаратуры. Маю на ўвазе тыя адносіны да сатыры і гумару, якія склаліся і ў Саюзе пісьменнікаў, і ў рэдакцыях і выдавецтвах, і ў нашай літаратурнай грамадскасці наогул. Адносіны гэтыя такія, што ў цэлым бадай заслугоўваюць іменна сатырычнай ацэнкі, бо гумарам тут, відаць, ніяк не абыдзешся: гумар — гэта смех дабрадушны, гэта ўсмешка нязлосная, прабачлівая, даравальная, а тут — адносіны такія, што ні прабачыць, ні тым больш мірыцца немагчыма. Нельга, каб такая эфектыўная ідэалагічная зброя недаацэньвалася і апыналася па-за ўвагай літаратурнай грамадскасці. А між тым, публічных, у друку, творчых размоў і дыскусій па праблемах сатыры і гумару не вядзецца. На сходах секцый і пленумах, нават на з'ездах Саюза пісьменнікаў — сатыра і гумар або зусім абмінаюцца, або атрымліваюць увагі — палавіну аднаго абзаца. Прыгадайце, каб не залазіць далёка ў гісторыю, паш апошні, VII з'езд. Анталогіі «смеху» ў нас да гэтага часу няма (хоць, напрыклад, у маёй бібліятэцы — тры такія анталогіі, выдадзеныя ў апошні час балгарскімі сябрамі). Сур'ёзных навуковых даследаванняў на гэту тэму — няма таксама. На дзяржаўную прэмію кнігі сатыры і гумару нават не вылучаюцца. Конкурсаў на лепшы сатырычны ці гумарыстычны твор у жанрах прозы і паэзіі не абвяшчаецца. «Вожык» у сваёй бібліятэцы за год выдае ўсяго 6 кніжачак, хоць можна было б выдаваць 24 — да кожнага нумара, ці ва ўсякім разе хоць 12, каб сатырыкі і гумарысты мелі большую магчымасць друкавацца. Бо будзем шчырымі: пісаць і думаць: «а куды я з гэтым напісаным пайду? дзе яго дзену? хто яго надрукуе?» — цяжка.

Па тым, якія адносіны ў нас да сатырычнай літаратурнай творчасці, можна было б меркаваць, што ў нашым грамадстве ўжо няма нявырашаных сацыяльных, маральна-этычных і іншых праблем, што ў нас ужо няма чаго і каго падвяргаць «Ювеналаву бічу» — няма перажыткаў, заган і недахопаў і няма носьбітаў гэтых перажыткаў і заган, няма ўжо з чаго і з каго смяяцца. Па-першае, трэба ведаць, што такога ідэальнага становішча ніколі не будзе: пакуль чалавецтва існуе, яно будзе развівацца, ісці наперад, і заўсёды жыццё будзе нараджаць больш высокія грамадскія ідэалы, а тое, што ім не адпавядае, будзе рабіцца прадметам асмяяння, станавіцца спажыўным харчам для сатыры. Свядомасць чалавека, яго духоўны ўзровень, яго мараль, яго погляд на дабро і зло будзе непазбежна мяняцца, і тое, што сёння здавалася дабрачыннасцю і амаль доблесцю, заўтра можа здацца недарэчным і смешным.