Читать «Удзячнасць і абавязак (літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі)» онлайн - страница 103

Ніл Гілевіч

Грамадская функцыя сатырычнага і гумарыстычнага смеху ў літаратуры была зразумета і ацэнена даўно. Гаворачы словамі Маркса, смех гэты патрэбен «для таго, каб чалавецтва весела расставалася са сваім мінулым», а такое расставанне — непазбежнае, бо гісторыя грамадства развіваецца так, што яна пастаянна павінна «несці ў магілу састарэлыя формы жыцця». Сусветная мастацкая літаратура дала геніяльныя ўзоры творчасці, пазначаныя гэтым асаблівым дарам. Дастаткова прыгадаць імёны Сервантэса і Рабле, Мальера і Свіфта, Грыбаедава і Гогаля, Салтыкова-Шчадрына і Чэхава, Марка Твэна і Гашэка і многіх-многіх іншых, менш значных, але таксама выдатных майстроў «смеху», стваральнікаў сатырычных і гумарыстычных вобразаў.

Бадай што ў кожным народзе вельмі высока цэніцца лячэбна-тэрапеўтычная функцыя смеху, яго здольнасць лячыць чалавека і грамадства ад заган, ачышчаць грамадскую свядомасць ад розных перажыткаў, ад усялякага шкоднага для нармальнай жыццядзейнасці арганізма баласту. Гэта ж трэба сказаць і пра нас, беларусаў, пра нашу даўнюю традыцыйную любоў да вясёлага, дасціпнага, насмешлівага слова — любоў, што стала рысай нашага нацыянальнага характару і, натуральна, неад'емнай якасцю беларускага фальклору і літаратуры. Якасцю, якая прызнана і па вартасці ацэнена ў свеце. Цяжка назваць больш-менш значнае ў нас літаратурнае імя, чыя творчасць не выявіла б у той ці іншай меры схільнасць да дабрадушнага або з'едліва-іранічнага смеху. Згадаем ананімныя паэмы «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат», камедыі Дуніна-Марцінкевіча, вершы, паэмы і апавяданні Багушэвіча, камедыі, вершы і байкі Купалы, паэму «Новая зямля», апавяданні, у тым ліку вершаваныя, аповесці і вершы Коласа, раманы, аповесці і апавяданні Чорнага, аповесці і апавяданні Лынькова і многіх-многіх іншых... Колькі на старонках іх твораў камічных сітуацый і эпізодаў, колькі іроніі і гумару, колькі сатырычных, гратэскных вобразаў! Я ўжо не кажу пра такі выключны, незвычайна яркі сатырычны талент, якім ёсць у нашай літаратуры Кандрат Крапіва. У ліку тых, хто і сёння не-не ды і пакарыстаецца «зброяй смеху» — Пімен Панчанка і Янка Брыль, Максім Танк і Максім Лужанін, Кастусь Кірэенка і Аляксей Зарыцкі. Так, хоць Панчанка — лірык, але іронія і гумар — абавязковыя эмацыянальныя фарбы бадай што яго кожнай кнігі. Не назавеш чыстым «смехатворцам» і Брыля, але яго «Ніжнія Байдуны» прагучалі гумарыстычным выбухам такой сілы, якой даўно не ведала наша проза. Часта звяртаюцца да сатыры і гумару Р. Барадулін (у паэзіі) і П. Місько (у прозе). Ёсць і маладзейшыя таварышы, якія выяўляюць задаткі ў выяўленні камічнага (напрыклад, аўтар цікавай смешнай аповесці «Бацька ў калаўроце» Р. Семашкевіч).