Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 265

Васіль Быкаў

— А сястра?

— Вера не ведае. Праз яе ўсё і выйшла. Паліцай гэты, Драздзенка, пачаў заходзіць…

— Драздзенка? Начальнік паліцыі?

— Начальнік, ага. Да яе больш, да Веры. Разы чатыры начаваў… А затым і да мяне стаў чапляцца, — зябка хутаючыся ў свой жакет, сказала Марыя і сціхла.

— Так, так, — сказаў Агееў, зразумеўшы ўжо нямала, але, мабыць, яшчэ не ўсё. Але і ад таго, што зразумеў, радасць яго не пабольшала. — Ну, а ты што ж? — запытаўся ён і нахмурыўся.

Марыя праз слёзы ўсміхнулася.

— Во ўцякла.

Ён ускочыў з крэсла, прайшоў тры крокі ў парог і павярнуўся:

— Ну, што мне з табой рабіць?

— Я туды не вярнуся, — сказала яна ціха, але з такой рашучасцю, што і ён пэўна сцяміў: не вернецца. Але як жа ёй заставацца тут?

— А што ж сястра? — запытаўся ён, ужо з раздражненнем павышаючы голас.

— А сястра дура, вось што! У яе ж муж быў, харошы чалавек, настаўнік, але ведаеце… Нявідны такі. Дык яна ўсё перажывала: як жа, сама прыгажуня, а муж… І во, знайшла віднага. Паліцая прадажнага.

Марыя сціхнула на лаўцы, выцерлася насоўкай, гаротна ўздыхнула і зноў кораценька, бы крадком, зірнула на яго. Агееў унутрана вылаяўся.

Аднак трэба было штось прыдумаць. Праганяць яе ў такой сітуацыі ў яго не хапала рашучасці, і ён думаў: дзе б яе схаваць? Хоць бы ненадоўга, вядома. А там будзе відаць — ці яна пярэйдзе ў іншае месца, ці ён змыецца адсюль. Наогул куткоў-закуткаў на гэтай сядзібе было нямала: хата, кухня, два хлявы, застаронак, свіран і некалькі парожніх ці немаведама чым занятых прыбудоў, у якія Агееў яшчэ не заглядваў. Трэба што пашукаць.

— Ты пасядзі, — сказаў ён. — Я пагляджу.

Ён выйшаў на двор і агледзеўся. Напэўна, спярша трэба было паглядзець у той, што за хлявом, свіронак з замком на высокіх дзвярах. Але дзе ключ ад таго замка, Агееў, канечне, не ведаў. Падышоўшы, ён пакратаў цяжкі замок, які нечакана сам расчыніўся, павісшы на кароткай дужцы. Агееў расчыніў дзверы і зазірнуў у прыцемак, поўны затхлых мешаных пахаў. Аднак не паспеў ён падняцца туды, як спалохана адхіснуўся — з вуліцы ў двор ішлі людзі. Наперадзе, адкінуўшы прэч жардзіну, крочыў Драздзенка, за ім таропка трухалі тры паліцаі з вінтоўкамі на плячах.

— Ну, здарова! — суха павітаўся начальнік паліцыі. Душачы спалох, Агееў, здаецца, не адказаў. Рашучы, амаль злосны тон Драздзенкі не пакідаў сумнення адносна ягоных намераў, і Агееў спазнела падумаў, што пісталет яму трэба было схаваць дзе-небудзь пад рукой, у двары.

— Як справы?

Шырока расставіўшы даўгія ногі ў высока напятых сініх брыджах, начальнік паліцыі спыніўся перад Агеевым, як заўжды, свідруючы яго вострым позіркам і тонкім лазовым дубчыкам сцябаючы сябе па халяве.

— Ды так, — адказаў Агееў, напружана думаючы: няўжо ён пойдзе ў хату? Няўжо?..

— Мой загад атрымаў? — сцішаным голасам запытаў Драздзенка.

— Які загад?

— Затрымаць Калюту!

— Якога Калюту? Я не бачыў ніякага Калюты.

Агееў гаварыў праўду і таму смела пазіраў у свірэпыя вочы начальніка паліцыі, які, памаўчаўшы, кінуў:

— А ноччу не заходзіў?

— Ніхто не заходзіў.

Драздзенка павярнуўся да маладога плячыстага паліцая ў нямецкай пілотцы, які з ухмылкай на мардатым твары слухаў размову.