Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 264

Васіль Быкаў

Бульба ў Бараноўскай урадзіла някепская — буйная, па кулаку, і смачная, калі б да яе было трохі хлеба. Але хлеб у яго скончыўся, ён ужо некалькі дзён еў без хлеба. Накапаўшы паўвядра, падумаў, што, мабыць, пакуль што яму хопіць. Бульбу таксама трэба было ашчаджаць, яе ў Бараноўскай засталося ўсяго соткі тры на гародзе: з’есць усю, чым тады гаспадыня будзе харчавацца зімой? Калі толькі настане для яе тая зіма…

Пакінуўшы ў баразне рыдлёўку, з вядром у руках ён выбіраўся па быльнягу на сцежку, як краем вока заўважыў, што нібы варухнуліся дзверы на кухню — зачыніліся ў яго на вачах. Радасна падумаўшы, што гэта гаспадыня, Агееў хуткім крокам, кульгаючы, падышоў да дзвярэй і, паставіўшы вядро, увайшоў на кухню.

На лаўцы ля парога, захінуўшыся ў знаёмы вязаны жакет, сядзела Марыя. Яна не павярнулася на яго ўваход, паныла пазірала ў падлогу, і ён моўчкі спыніўся збоку, не ведаючы, што сказаць.

— Што-небудзь здарылася? — нарэшце запытаўся ён, не тоячы сваёй трывогі.

— Не, не. Я — да цёткі, — ціха сказала Марыя, хаваючы, аднак, вочы, і ён зразумеў: здарылася кепскае.

— Цёткі няма.

Дзяўчына ўзняла заплаканыя вочы.

— А дзе… яна?

— Панімаеш, няма. Дзесьці прапала, — прызнаўся Агееў. — Адзін жыву.

Марыя апусціла твар у далоні і бязгучна заплакала.

— Дык што здарылася? — азадачана пытаўся Агееў. — Што-небудзь кепскае?

Хутка, аднак, авалодаўшы сабой, Марыя кончыкамі пальцаў выцерла слёзы, перламутравым грабеньчыкам прычасала кароткія валасы, але прадаўжала маўчаць, і ён, чакаючы, ціха прысеў насупраць. Усё ж яму трэба было ведаць, што здарылася.

— Панімаеце… Панімаеце, я думала, што дома цётка Бараноўская, я трохі ведаю яе. Летась пазнаёміліся, — усё ўздыхаючы, памалу спакайнела Марыя.

— Так, так. Ну, а далей?

— А далей?.. Што далей? Жыць мне ў сястры няможна. Не магу я… Панімаеце? Я туды не вярнуся.

«Вось дык дзялы, — падумаў Агееў. — Яшчэ чаго не хапала! Туды не вернешся — дзе ж ты застанешся?»

— Тут, бачыш, пакуль я адзін. Што сталася з Бараноўскай, проста не ведаю. Пайшла на тры дні і знікла.

— Схавайце мяне ў яе хаце, — раптам папрасіла Марыя і вельмі аддана паглядзела на яго.

— Схаваць? — здаецца, ён пачаў пра нешта здагадвацца. — Што — немцы? Паліцыя?

— Паліцыя, — ціха сказала Марыя.

Тут трэба было падумаць. Канечне, яе трэба схаваць, калі па следзе ідзе паліцыя, але толькі — дзе? Калі схаваць у яго, дык ці не падставіць ён тым пад пагрозу ўсю іх канспірацыю? Паліцыя ж можа пайсці па яе слядах і выйсці на яго самога. Ды і ці на яго толькі?

— Так. Хто ведае, што ты пабегла сюды?

— Ніхто.