Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 262

Васіль Быкаў

На падворку ён адчуў сябе ў адноснай бяспецы і, каб абысціся без непатрэбных цяпер кліентаў, прывалок з хлява даўгую жардзіну, загарадзіў ёю ўваход з вуліцы. Сёння ён нікога не прыме, у яго другая работа. Узяўшы з альтанкі скрынку з інструментамі, пайшоў у застаронак. Трэба было брацца за прывезены з лесу абутак. Ён выцяг з меха дзве пары кірзавых ботаў з адарванымі падэшвамі і, уладкаваўшыся каля тапчана, пачаў падбіваць іх на лапе.

Не надта гучна стукаючы малатком па гумовай падэшве, ён увесь час быў насцярожаны, слухаў, чакаў, ці не паявіцца хто на двары. Канечне, яму вельмі патрэбны быў Кіслякоў, але магла наскочыць і паліцыя, гэты Кавешка ці яшчэ горш — Драздзенка. Тады трэба было ўсё борзда хаваць і, знарок збянтэжана падцягваючы штаны, выходзіць з хлява. Ён працаваў, не разгінаючыся, гадзін пяць запар. Удзень у застаронку было відна і спакойна, але надвячоркам стала цямнець, асабліва ў той хмарны дзень: ён паспеў падбіць тры пары ботаў і пачаў зашываць доўгі асколачны ці штыкавы разрэз упоперак халявы, ды не паспеў. Зрабілася зусім цёмна, і ён, запіхаўшы ў мех боты, выйшаў на двор. Тут усё было па-ранейшаму. Дзверы на кухню заставаліся старанна зачыненыя зранку, значыць, Бараноўская не паявілася і сёння. Калі ж яна ўрэшце вернецца, з прыкрасцю думаў Агееў. І наогул ці вернецца? Можа, яму трэба было што рабіць? Можа, заявіць у паліцыю? Ці наадварот — утаіць ад паліцыі факт яе адлучкі? Як лепш зрабіць, каб не нашкодзіць сабе, сваёй гаспадыні? Тым, хто да яе прыходзіў?

Ціхі шолах галля ў садку прыпыніў яго роздум, і, азірнуўшыся, ён згледзеў у паўзмроку пад вішнямі невялічкі хлапечы сілуэт. Узрадаваўшыся, Агееў кінуўся насустрач і ледзьве не крыкнуў ад болю ў назе. Усё ж з ягонай нагой трэба было асцерагацца.

— Прыйшоў? Ну, ідзі сюды, — ціха паклікаў ён, павяртаючы ў хлеў.

— Я на хвіліну, — сказаў Кіслякоў. — Што здарылася?

— Пойдзем, усё раскажу.

Ён прапусціў Кіслякова наперад і, яшчэ паазіраўшыся, прычыніў дзверы хлява. Лапаючы па верхніх жэрдках перагародкі, яны ў цемры дабраліся да нізенькіх дзвярэй яго застаронка.

— Стой, сядай во сюды. А я тут… Перадалі, значыць, рабяты?

— Перадалі. А я на станцыі быў. Учора ж пакгаўз згарэў. Ну, трэба было ўдакладніць. Дык што здарылася?

Адчувалася па голасе, што Кіслякоў насцярожыўся, чакаючы яго тлумачэння, ды Агееў усё не наважваўся прыступіць да галоўнага, паведаміў:

— Нейкі дзядзька мех абутку прывёз. У рамонт. Сказаў, што ад Волкава.

— Ага, была такая размова, — не адразу сказаў Кіслякоў. — Ужо што-небудзь гатова?

— Тры пары. Больш не паспеў. Усё ж трэба асцерагацца.

— Гэта канечне. За вайсковую маёмасць у іх расстрэл. Хаця ў іх за ўсё расстрэл. Учора на мосце павесілі трох мужыкоў за марадзёрства. З разбітай машыны колы знялі. Хоць бы з нямецкай, а то з савецкай. Наогул патрэбны яны былі, тыя колы…