Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 261

Васіль Быкаў

Стараючыся як мага меней кульгаць, ён дайшоў да канца гэтай вуліцы і спыніўся ля высокага дома з зарослым бэзам гародчыкам. Агледзеўшыся, заўважыў у кусце белагаловага гадоў дзесяці хлопчыка і запытаўся, у які бок будзе Савецкая. Хлопчык ткнуў локцем направа і, калі ён ужо саступіў з тратуара, каб перайсці вуліцу, наўздагон крыкнуў:

— А вам каго трэба?

Агееў спыніўся, падумаў, што ў хлопчыка, мабыць, можна і спытацца, і вярнуўся да бэзу.

— Мне Кіслякова. Не ведаеш?

— А вунь! — хлопчык пераклаў з правай рукі ў левую ножык, якім стругаў палачку, і паказаў цераз плот. — Вунь, дзе страха з тонкай трубой. Там Кісляковы.

Прыкмеціўшы патрэбны дом па той бок вуліцы, Агееў таропка перайшоў пыльную маставую і хутка ўвайшоў у прасторны, нічым не абгароджаны падворак з маладой бярозкай ля ганка. Двор быў пусты і зарастаў травой. На старых, абшкрэбаных дошках дзявярэй коса вісеў іржавы замок; з хаты, аднак, чуліся вясёлыя галасы, і ён падышоў да нізенькага, без фіранак акенца. У той жа час знутры паявіўся мурзаты дзіцячы тварык, за ім другі, трэці — дзеці з неспатольнай цікавасцю ўставіліся ў яго, нібы чагосьці чакаючы, і, Агееў сказаў:

— А дзе старшы брат?

— Нямашака, — адказаў, смешна скрывіўшыся, мурзаты хлопчык.

— Нямашака, нямашака, — паўтарылі за ім астатнія двое.

— Вось дык загвоздка! — ціха сказаў Агееў, і дзеці, нібы дражнячы яго, паўтарылі за акном на розныя галасы:

— Вось дык загвоздка!

— Загвоздка!

— Загвоздка!

— Ах, вы, дразнілкі! — сказаў ён без злосці, не ведаючы, аднак, як быць, дзе шукаць Кіслякова. Ці, можа, прыйсці сюды другім разам?

— Скажыце брату, што прыходзіў кульгавы дзядзька. Хацеў яго бачыць, — сказаў ён праз акно гэтай старой хаты, і дзятва адказала хорам:

— Добра, скажам!..

З прыкрасцю азірнуўшыся на пусты двор, Агееў выйшаў на вуліцу і, прыпадаючы на хворую нагу, пайшоў на сваю Зялёную. Мястэчка выглядала апусцелым, на вуліцы зусім не было праезджых, рэдкія прахожыя, мабыць, з бліжніх дамоў, паяўляліся і зараз жа знікалі ў дварах. Увесь час баючыся з кім-небудзь сустрэцца, асабліва з паліцыяй, ён, аднак, спакойна дабраўся да сваёй хаты з альтанкай у двары і трохі расслабіўся. Усё ж такі дом! Якое-ніякое прыстанішча, сховішча ад нядобрага вока. Праўда, кепска яно хавала, гэтае сховішча, спакою тут не было, яго адразу раскрыла паліцыя, добра яшчэ, што не адрэзала ўсе яго сувязі. Але што рабіць? Без гэтага парослага травой падворка яму і зусім было б кепска, дзе б ён пражыў гэтую пару тыдняў са сваёй бедалагай нагой, з асколкам у ране?