Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 260

Васіль Быкаў

— Тут такая справа. Павінен паявіцца адзін мужык з Беразянкі… Вёска такая за шэсць вёрст. Будзе пытацца Бараноўскую, пападдзю, то есць гаспадыню вашу. Дык каб яго затрымаць.

— Як затрымаць?

— Затрымае паліцыя. Ваша справа — прасігналіць. Што рабіць?.. — зноў развёў ён рукамі. — Непрыемна ўсё гэта, я разумею. Але — неабходна. Масы, яны, ведаеце, разбэшчаны бальшавікамі…

— Значыць, прасігналіць?

— Толькі прасігналіць, ага. А то часам знікаюць не злоўленыя. Вось тут днямі бандыт паявіўся і знік. Усіх, ведаеце, хто яго прымаў, немцы таго… Ліквідавалі.

— Што ж, дзякуй, што падказалі, — падумаўшы, сказаў Агееў.

З зусім іншым тварам, без ценю нядаўняга захаплення і ліслівасці, Кавешка ўстаў з крэсла, зашпіліў свой чорны паношаны пінжачок, узяў са стала капялюш.

— Дык, значыць, я буду наведвацца. Надта я вас не патурбую. Толькі па справе. А пакуль — да відзэння.

— Усяго добрага, — сказаў Агееў, надта абураны ў душы і хочучы толькі аднаго — як мага хутчэй адкараскацца ад гэтага пана. Даючы Драздзенку падпіску за гэтым сталом, ён думаў: ну, навошта ён мог ім спатрэбіцца? А вось, аказваецца, знайшлі і яму працу. Мужык з Беразянкі…

Ён моўчкі праводзіў Кавешку, які на развітанне прыўзняў над лысаю галавой капялюш, стрымана пакланіўся і, дробненька перабіраючы нагамі, пайшоў на вуліцу. Агееў застаўся ў двары — стаяў і думаў. Было ўжо зразумела, што марудлівасць у яго становішчы можа перарасці ў злачынства, так яны ўцягнуць яго ў такое, што век не адмыешся. Трэба было зараз жа звязацца з Волкавым, пра ўсё папярэдзіць. А там хай рашаюць. Можа, заставацца яму тут ужо немагчыма, трэба шукаць другое ўкрыцце. Але дзе ён цяпер знойдзе Волкава, калі дачакаецца яго? Праўда, у мястэчку быў Кіслякоў, які, аднак, больш за тыдзень сюды не паказваўся. Можа, не было справы, а можа… Але ж ён сказаў: у крайнім выпадку можна зайсці — і даў адрас. Савецкая… Дзе яна, гэтая Савецкая?

Была б дома Бараноўская, паслаў бы яе. А так трэба самому. Удзень? Ці дачакацца ночы? Але ж ноччу — каменданцкі час, на вуліцах ходзяць патрулі, возьмуць, як тады апраўдацца перад Драздзенкам — куды хадзіў?

Становішча яго ўскладнялася найгоршым чынам, зацягвалася ў тугі вузел — і хто б падумаў? Ён ішоў сюды з адзінаю мэтай: адляжацца, залячыць рану і зноў ірвануць на ўсход, дагнаць фронт. І вось — ірвануў, называецца. Так ублытаўся ў гэтыя местачковыя справы, што невядома, як выблытацца. Чым усё можа скончыцца, ён лёгка ўяўляў сабе. Але ж ён хацеў жыць і змагацца з фашызмам, які прынёс яму столькі пакут. Ды і ці яму аднаму…

Быў, мабыць, поўдзень, калі Агееў канчаткова наважыўся ісці да Кіслякова. Ён накінуў на сябе ватоўку, узяў ляшчынавы кій, старанна зачыніў дзверы на кухню. Напэўна, трэба было б замкнуць іх, але замка ён нідзе не знайшоў, падумаў, што хутка вернецца. Упершыню ён выбіраўся з падворка ў мястэчка і не ведаў, дзе шукаць тую Савецкую. Праўда, гэтая назва паказвала некуды ў цэнтр, напрамак, які ён прыблізна ведаў, і, абапіраючыся на кій, пашкандыбаў у канец вуліцы.

Неўзабаве Зялёная яго скончылася, прымкнуўшы да іншай, болей наезджанай вуліцы з вузенькімі тратуарамі абапал. Дамы ўсюды былі несамавітыя, сельскага аблічча — звычайныя вясковыя хаты, некаторыя з фарбаванымі аканіцамі на фасадах, поўнымі кветак гародчыкамі, навіслым над платамі голлем дрэў. Многія аканіцы былі цяпер зачынены, веснічкі — наадварот — расчынены ці паламаны, скрозь у падворках віднеліся сляды нядаўняга разгрому: выкінутае з хат ламачча, старыя транты, клочча паперы. Адзін двор за нізкім штакетнікам быў густа засыпаны пер’ем з пярын і падушак, кучы якога вецер сагнаў пад заваліны, у канаву, усыпаў ім траву ля плота. Шыбіны ў двух вокнах з вуліцы былі ўсе выбітыя. Агееў заглянуў у адно, у цьмяны паўзмрок хаты з абдзёртымі шпалерамі, з чорнаю дзіркай лаза ў падлозе, і на яго самотна дыхнула страшнай трагедыяй, якая так нядаўна тут адбылася. А колькі такіх трагедый у мястэчку!..