Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 259

Васіль Быкаў

— А наша гісторыя! Цяпер, канечне… Але ў мінулым, успомніце, яна ведала і бліскучыя моманты. Нават велічныя! Праўда, пад чужымі сцягамі, затое ад мора да мора. На яе гербе была пагоня! Заўважце, не ўцёкі, не паратунак, а пагоня! На ворага — з узнятым мячом!

Веліч Беларусі ад мора да мора, герб з нейкаю там пагоняй… У школе таго не праходзілі, Агееў аб тым нідзе не чытаў і цяпер з некаторым здзіўленнем слухаў поўную захаплення прамову даволі, мабыць, адукаванага госця.

— У гісторыі я не надта, — сказаў Агееў. — А наконт прыроды сапраўды: прырода ў нас прыгожая. Скажам, азёры…

— О, азёры — гэта бажэсцвенная казка! Ангельская сюіта! — зноў загарэліся цемнаватыя вочы госця. — Гэта дзіва дзівос у люстэрку быція!..

— І лясы. Лясы ў нас…

— Дзіва, цудоўнае дзіва! У свеце такога болей няма, паверце мне! — госць даволі адчувальна выцяў сябе ў худыя грудзі.

— Малым я любіў пабегаць па лесе. Ну, калі пасвілі жывёлу…

— У начлезе! — са стогнам падхапіў госць. — Вогнішча, коні, рыба ў возеры пляскае, салаўі пяюць…

— Даруйце, не ведаю вашага прозвішча, — з нечаканай цеплынёй сказаў Агееў, і прышлы, здаецца, схамянуўся ад здзіўлення.

— Ах, я не прадставіўся! Во якое бяспамяцтва. Тожа, заўважце, спецыфічная рыса сціплых беларусінаў. Задумаўся, захваляваўся і забыў. Кавешка маё прозвішча. Даруйце, вы хацелі штосьці сказаць, — далікатна напомніў ён, і Агееў памарудзіў: ён ужо нічога не хацеў сказаць.

— Ды не, я так. Падумаў, што вось вы вярнуліся, ды ў нядобры час.

— Праўда ваша! — з жарам пагадзіўся Кавешка. — Ды што рабіць? Мусіш ахвяраваць. Для бацькаўшчыны ды ў трудны час чым ні ахвяруеш! Праўда, і ахвяраваць не проста: абставіны часам мацней за нас.

— А вы… дзе зараз працуеце? Ці без працы пакуль? — асцярожна запытаўся Агееў.

— Ну, як жа без працы? — здзівіўся Кавешка. — Трэба ж неяк зарабляць на кавалак хлеба. Канечне, у поце ліца свайго. Дарма карміць нікога не будуць. Я ва ў праве служу, — сціпла паведаміў госць.

Успамін аб управе зноў насцярожыў Агеева, які ўжо ўнутрана расслабіўся і хацеў быў думаць, што мае справу з няшчасным чалавекам, які па сваёй віне ці, можа, бязвінна заблудзіўся на дарогах жыцця.

— Вось пагаманіў з добрым чалавекам, і на душы палягчэла, — нездаровы, з запалымі шчокамі твар госця растаў у добрай усмешцы. — Адабраў час, вы ўжо прабачце.

— Ну, не даўгі час, — усміхнуўся Агееў, чакаючы, што Кавешка зараз устане з-за стала. Падобна, той і на самой справе пачаў уставаць, скрыпнуў крэслам, але раптам, сагнаўшы з твару ўсмешку, сказаў:

— Я, ведаеце, яшчэ па адным пытанні… Вы ж Непанятлівы будзеце, так мне сказалі?

— Хто сказаў?

Агееў збянтэжана ўстаў і зноў апусціўся на крэсла, не зводзячы вачэй з гэтага чалавека, які так па-здрадніцку нечакана ашаломіў яго. Той, аднак, паныла ўздыхнуў і развёў рукамі.

— Ды во прыходзіцца. Вы ўжо не здзіўляйцеся…

Але Агееў ужо не здзіўляўся, бо зразумеў, з кім мае справу. І ён маўчаў, імкнучыся ўгадаць, што сапраўды трэба ад яго Кавешку.