Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 257

Васіль Быкаў

Пад няспынным позіркам Гультая, які ўсеўся на падлозе насупраць, Агееў еў учарашнюю бульбу і думаў, што, напэўна, усё ж трэба схадзіць да Казловічавых папрасіць хлеба, таму што без хлеба — не яда. Асабліва калі затрымаецца Бараноўская, ён сапраўды выцягне ногі. І яшчэ ён думаў, што трэба неяк пабачыць Кіслякова, папярэдзіць аб сваіх бедах Волкава. Усе гэтыя дні ён чакаў, што хто-небудзь прыйдзе да яго з лесу, але во прыехаў гэта дзядзька з абуткам, не будзеш жа яму расказваць аб падкопах паліцыі і яго падпісцы. Праўда, увесь тыдзень не аб’яўляўся і Драздзенка, быццам забыўся на яго ці, хутчэй за ўсё, пакуль не меў да яго патрэбы. А як займее гэтую сваю патрэбу, як тады быць?

Толькі ён так падумаў, даядаючы з чыгунка бульбу, як у кухонныя дзверы ціхенька пастукалі, і ён здзівіўся — ніхто быццам не паяўляўся ні ў двары, ні перад кухонным акном — адкуль хто ўзяўся? Ён ужо хацеў адчыніць дзверы, як тыя самі адчыніліся, і на парозе паявіўся не надта ўжо малады чалавек з ніякаватай усмешкай на хударлявым твары, пры гальштуку і ў цёмным капелюшы на галаве. Усё сарамліва ўсміхаючыся, павітаўся і здзеў капялюш, агаліўшы шырокую, да самай патыліцы, залысіну.

— Я не перашкодзіў? Можна да вас, пан… пан Бараноўскі? — ціхім, амаль ліслівым голасам загаварыў ён, трохі кланяючыся.

Агееў са здзіўленнем пазіраў на яго, мала што разумеючы, пасля кіўнуў на крэсла.

— Сядайце, калі ласка!

— Дзякуй, пан… пан Бараноўскі. Я, ведаеце, не дужа патрывожу вас па адной невялікай справе… Хаця справа, ведаеце, пачакае, таму што… Таму… Вунь, здаецца, збіраецца на дождж, неяк вецер быццам павярнуўся к захаду…

— Да, вецер заходні, — сказаў Агееў і змоўк, ледзьве адольваючы раптоўную непрыязь да гэтага пана. «Што яшчэ за пан? — падумаў ён. — Паляк? Беларус? Рускі?»

Госць, аднак, зручней уладкаваўся на скрыпучым крэсле, закінуў нагу за нагу. Яго маленькія вочкі падазрона абмацвалі Агеева, бяскроўныя вусны крывіліся ва ўгодлівай усмешцы.

— Значыць, снедаеце? Скудны заўтрак старыка, як пісаў паэт. Хаця вы не стары, канечне. А заўтрак, пагляджу, скудны… Гэта відавочны факт, — ён гаротна ўздыхнуў, паглядзеў у столь. — Да, цяжкія часы, пане. Цяжкія, але не безнадзейныя. Што рабіць? — развёў ён рукамі і зноў уставіўся ў Агеева ліслівым позіркам. Агееў, слухаючы яго, не мог зразумець, што яму трэба і як рэагаваць на яго лямантацыю.

— Вы, напэўна, наконт абутку? — запытаўся ён суха.

Госць махнуў рукой.

— Не, не. Я не наконт абутку. Абутак мне, слава богу, не надта патрэбны. Абыдуся. Ды і куды хадзіць? Няма куды зараз хадзіць, — аб’явіў ён і запытаўся: — Пан нетутэйшы?

Агееў ніякавата знерухомеў. Зноў ён не ведаў, як адказаць гэтаму прышламу, які невядома адкуль — з гэтага мястэчка або прыехаў адкуль. Прыезджаму можна было схлусіць. А калі гэты чалавек тутэйшы?