Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 256

Васіль Быкаў

Устаўшы рана, ён абышоў двор, з глухога боку хлявоў далез да аброслага маліннікам закутка ля застаронка, дзе ён днямі схаваў пісталет. Пісталет спакойна ляжаў сабе на тым самым месцы — пад каменем, які ён адкаціў ад падмурка. Разгарнуўшы анучку, Агееў сцёр даланёй слабы налёт іржы на затворы — хай ляжыць, можа, яшчэ спатрэбіцца. Паклаўшы пісталет у ямку, зноў прыціснуў яго каменем. Месца ўвогуле было прыдатнае, і гэта яго супакоіла. У двары ён пачаў думаць, чым сёння паснедаць, — зварыць бульбы ці паесці яблыкаў-малінавак, якія ён знайшоў на дальняй каля паркана яблыні. Кот Гультай перастаў ужо баяцца яго і хадзіў следам, зрэдзьчасу патрабавальна мяўкаючы — прасіў есці. Але для ката ў яго не было нічога.

— Ладна, Гультай. Ідзі лаві мышэй.

Кот пільна ўзіраўся ў яго рудымі, з касым разрэзам вачмі і настойліва цягнуў сваё «мя-у-у».

Агееў хацеў пайсці на кухню, як раптам убачыў на вуліцы фурманку, што ціха пад’ехала да яго хаты, і нейкі дзядзька ў рудой паддзёўцы нацягнуў лейцы.

— Бараноўская тут жыве? — запытаўся ён, не злазячы з фурманкі.

— Тут, — сказаў Агееў.

Ён падумаў ужо, што дзядзька — ад гаспадыні, што, можа, ён скажа што пра яе. Але той моўчкі закінуў лейцы на слуп гародчыка і выцягнуў з фурманкі вялікі, чымсьці накладзены мех. Агееў, стоячы ў двары, здзівіўся:

— Што гэта?

— Куды тут вам? — замест адказу запытаўся дзядзька, несучы перад сабой мех. Толькі ў двары азірнуўшыся, шапнуў: — Ад Волкава я.

Агееў таропка расчыніў дзверы на кухню, і дзядзька гэпнуў мех на падлогу.

— Ух!

— Што гэта?

— А гэта вам работа. Па рамонту. Сказалі, каторыя ўжо нельга пачыніць — на мацяр’ял.

Агееў развязаў вяровачную завязку — у мяху быў розны абутак, але ўсё болей вайсковы — паношаныя кірзачы, гамашы, сярод якіх тырчалі падкаваныя абцасы некалькіх пар нямецкіх ботаў. Во гэта прываліла працы, падумаў Агееў. Як бы з ёй не засыпацца.

— А пасля што? — запытаўся ён у дзядзькі. Той паціснуў плячыма.

— А гэта не ведаю. Сказалі адвезці, я і адвёз.

Ён трохі аддыхаўся, папрасіў вады, напіўся і паехаў, пакінуўшы Агеева ў недаўменні — што рабіць? Як рамантаваць гэта абутак перад усёй вуліцай, па якой швэндаюцца паліцаі, ездзяць немцы? Хіба што перайсці ў хату? Ці ў застаронак? Для каго гэты абутак, ён ужо мог здагадацца, але з такім жа поспехам, мабыць, аб тым маглі здагадацца і немцы. Во становішча, чорт бы яго ўзяў! Пакуль што, аднак, ён зацягнуў мех у застаронак, запіхаў яго пад тапчан — хай паляжыць, пакуль ён што-небудзь прыдумае. А сам пайшоў зноў на кухню — хацелася есці.