Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 9» онлайн - страница 334

Васіль Быкаў

Так ці інакш, але аўтарства другой ці трэцяй рэдакцыі кінасцэнарыяў належыць таксама В. Быкаву. Зрэшты, заўвагі і рэкамендацыі рабіліся аўтару не толькі з ідэалагічных меркаванняў, але і з чыста кінематаграфічнага пункту гледжання, што ў падобных выпадках не псавала твор, а, наадварот, спрыяла яго ўдасканаленню. Такім чынам у выніку праходжання праз жорны сцэнарна-рэдакцыйных калегій і мастацкіх саветаў адзін і той жа сцэнарый мог нешта безумоўна страціць, але здаралася — і нешта прыдбаць.

Заўважым таксама, што «калектыўнасць» кінамастацтва асабліва яскрава прасочваецца на прыкладах стварэння практычна ўсіх карцін па быкаўскіх сцэнарыях перыяду 1960–1970-х гадоў. Па сутнасці, пісьменнік апынуўся закладнікам савецкай кінематаграфічнай сістэмы, у якой панавала няўмольная цэнзура, прычым у нечым нават яшчэ больш пільная і жорсткая за цэнзуру ўласна літаратурную. Адзіная яе «вартасць» — звычайна яна пакідала пасля сябе сляды — у выглядзе пратаколаў, пастаноў, заключэнняў, рэкамендацый і г. д., аналізуючы якія можна зразумець, чаму практычна ўсе фільмы «па Быкаву» аказаліся настолькі не падобнымі да быкаўскай прозы.

Третья ракета

Киносценарий (стар. 5)

Друкуецца ўпершыню паводле машынапісу, які захоўваецца ў фондзе к/c «Беларусьфільм»: БДАМЛМ. Ф. 112. Воп. 1. Адз. зах. 371. Арк. 68–164.

Датуецца сакавіком 1962 г.

Гэта першы вопыт працы В. Быкава ў кінематографе. Перадгісторыя напісання сцэнарыя «Третьей ракеты» вядомая са слоў самога аўтара:

«Нехта параіў студыі новую аповесьць Быкава — амаль гатовы сцэнар. Так сказалі і мне. Трэба толькі папрацаваць з рэжысэрампастаноўшчыкам, якім ужо прызначаны малады выпускнік ВГІКу Рычард Віктараў. У тых жа Каралішчавічах ладкуецца сэмінар сцэнарыстаў, прыедуць спэцыялісты з Масквы, можна будзе канчаткова зладкаваць і сцэнар. Я ўзяў у рэдакцыі за свой кошт адпачынак і паехаў у Менск.

Кіно для мяне было справай новаю, вопыту ніякога. Але на студыі было столькі разумных спэцыялістаў, таленавітых рэжысэраў, што толькі слухай і вучыся. Паводле тых парадаў і пад кіраўніцтвам рэжысэра напісаў штось малапрыгоднае ў літаратурным сэнсе, што называлася сцэнарам, а болей нагадвала сумніўны канспэкт празаічнага твору. Пайшлі доўгія шэрагі паседжаньняў, абмеркаваньняў, кансультацыяў, зацьверджаньняў. Пісалася і перапісвалася — спачатку ў Менску, затым у Каралішчавічах. […]

Пакуль доўжыўся падрыхтоўчы працэс, рэжысэр-пастаноўшчык схуднеў, падобна, пачаў вар’яцець, ня ведаў, на якім сьвеце жыве. Аўтар сцэнару таксама. Просьценькая сцэнка салдацкага побыту ў акопе ператваралася ў прадмет складанага эстэтыка-палітычнага дыспуту — як было, як трэба, як ня трэба і што скажа начальства. Мы перасталі лічыць напісаныя і адкінутыя варыянты сцэнару, спыніліся нарэшце на апошнім, прынятым умоўна. […]

Агульнымі высілкамі фільм быў зьняты. Атрымаўся так сабе, шэранькі сераднячок. Здымаўся дапатопнай апаратурай, на бляклую чорна-белую плёнку шосткінскай вытворчасьці. Затое ва ўсіх адносінах правільны: гераічны, патрыятычны. З дадатных герояў можна было браць прыклад, адмоўныя асуджаліся».