Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 274

Васіль Быкаў

Во ўнівэрсальнасьць сыстэмы!

Яшчэ ў часы застою адзін маскоўскі літаратар-дэмакрат дачуўся, што пад ягоны юбілей маюць намер узнагародзіць яго як юбіляра ордэнам «Дружбы народаў». Літаратар загадзя аб’явіў сябрам, што ордэн ня возьме. Але во прыйшоў час, настаў юбілей, і яму не далі нічога. Нават адабралі повад для пратэсту. Каб ня тузаўся.

На сьвята да Л. прыйшоў сябра і падарыў яму цудоўны японскі тэрмас. Л. быў расчулены і дзякаваў. Ня ведаючы таго, што тэрмас сябра купіў за частку «прэміяльных», якія атрымаў за тое, што добра «стукаў» на Л.

У Дзяржынску быў малаказавод, на якім кралі сьмятану. Сьмятану прадавалі ня дзе-небудзь, а ў гарадскім гандлі, зь якім малаказаводчыкі былі зьвязаныя. Але органы кантролю выкрылі злодзеяў. Судзілі. Пасадзілі.

І ў магазінах зьнікла сьмятана. Каму ад таго стала лепей?

Асабістам трэба было завербаваць у сэксоты фельчара палка (мусіць, іншых ужо ўсіх перавербавалі). Выклікалі раз, другі — ня хоча фельчар рабіцца сэксотам. Тады яго арыштавалі, пабілі добра, напалохалі і аб’явілі, што зараз выпусьцяць. Але толькі калі пагодзіцца. А што рабіць? — Ды нічога асаблівага, ты толькі напішы, што, маўляў, як стаў падыходзіць, яны (названы былі афіцэры, франтавікі) прыпынілі размову. — І ўсё? — І ўсё.

Што рабіць — даў падпіску. І стаў сэксотам. Далей даносіў і надта сур’ёзныя рэчы.

Ён працаваў намесьнікам рэдактара ў раённай газэце. Калі Хрушчоў падвойваў абкамы, райкамы, напісаў у Маскву, што нязгодны, што тое няправільна. Тады яго зьнялі з пасады намесьніка, зрабілі загадчыкам аддзелу пісьмаў. Але праз два гады зьнялі самога Хрушчова. І зноў зрабілі з двух адзін абкам. І ён, счакаўшы трохі, зноў пісьмом у Маскву напомніў аб колішняй сваёй нязгодзе.

Тады яго зноў зьнялі з загадчыка аддзелу і зрабілі карэктарам.

Болей ён пісаць нікуды ня стаў.

У маёй вёсцы яшчэ, памятаю, да вайны К. кепска жыла са сваім мужыком. Як прыйшлі немцы, пасьля чарговае сваркі яна схадзіла ў Кублічы да немца-камэнданта і паскардзілася на мужа. Сказала, нібыта ён зьвязаны з партызанамі. Назаўтра ў вёску прыехаў камэндант з групай паліцаяў, загадаў сабраць народ. Калі ўсе папрыходзілі, аб’явіў свой прысуд: К. за паклёп на мужа 15 шампалоў. А мужу 10 — за тое, што кепска выхоўвае жонку.

Партызанаў тады яшчэ не было.

Вушацкія — народ слова.

Прыйшоў позна Л., кажа жонцы: дай пяцёрку — дабавіць трэба. Тая кажа: «Ня дам». Тады ён: «Не дасі — спалю хату!» — «Палі, калі ты такі…» Запаліў, згарэла хата. Л. пасадзілі за падпал… Праз колькі часу жонка пайшла зьбіраць подпісы, каб выпусьцілі, бо кепска бяз хаты і бяз мужа.