Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 272

Васіль Быкаў

Можна зразумець нашых калегаў, расейскіх дэмакратаў, якія нядаўна перажылі тое, што і мы, і цяпер памкнуліся да зманлівай, труднадасяжнай свабоды. Паяднаўшыся зь беларусамі, яны маюць намер набыць дадатковы шанец на шляху да яе, кіруючыся ўсё той жа лёгікай — гуртам зручней. Але старая чэская прымаўка кажа: не запускай млын, калі ня маеш моцы яго спыніць. Ці маюць моц нашы расейскія калегі годна распарадзіцца хоць бы ўласнай свабодай? Ці ня болей рэальнай для іх і для нас застаецца рызыка страціць усё? Дзе гарантыя таго, што іхняя свабода дасягнута цалкам і назаўжды? Надта тое сумніўна ў краіне, дзе не спыняюцца ганебныя войны, усюды ліецца кроў, нішчыцца свабода слова, а галоўнай дзяржаўнай ідэяй робіцца ўсё той жа нацыянал-імпэрыялізм.

У нас і ўласнага няшчасьця хоць адбаўляй. Рушыцца эканоміка, народ даведзены да галечы, гвалтам нішчацца нацыянальная культура і мова. Вельмі падобна, што дапамагчы нам ня можа ніхто — так глыбока завязьлі мы ў багне хлусьні і тыраніі, што ад нас адвярнуўся ўвесь белы сьвет. I ўсё ж нам, як тым зэкам, дужа непажадана трапіць з адной камэры ў такую ж іншую, асабліва калі перапынак паміж допытамі апынуўся такі кароткі.

Мабыць, кожнаму свой шлях да свабоды наканавана прайсьці асобна. Усё ж індывідуалізм і ў гэткім абліччы — ня самы горшы кірунак да яе. Можа, не найлепшы, але і не найгоршы, — у аснове кожнай калектыўнай свабоды ляжыць свабода індывідуальная. Што да мяне, дык пэўне мой лёгас пэсымістычны, хаця мая душа прагне аптымізму. Як некалі пісала вялікая Лэся Украінка: «Без надіі таки сподіваюсь»…

Парадоксы жыцьця

Запісы розных гадоў

…Як і ў дзень Перамогі, перад вялізнай шматтысячнай калёнай БНФ, якая ішла ўскладаць кветкі да абэліску Перамогі, паўстала сьцяна міліцыянтаў. Тую сьцяну калона прарвала, амаль не спыняючыся. Тады вырасла шарэнга АМАПу. І тую мы прарвалі. Спыніліся толькі перад узмоцненай, шматраднай шарэнгай АМАПу ля самай плошчы.

Стаялі доўга. Гарачыня, цеснавата. Нада мной, каб засьцерагчы ад сонца, увесь час хлопцы трымалі бел-чырвонабелы сьцяг, і ў тым мне ўбачыўся вялізны Боскі сімвал. З такім сімвалам дай Бог і загінуць. І з такімі людзьмі побач.

На ленінскія ўгодкі да помніку правадыра ветэраны ўскладвалі кветкі. Сярод іх быў адзін сівенькі стары з кавенькай у руцэ. Я яго ведаў. Расказвалі, як у вайну ён апынуўся ў нейкім мястэчку, адзін, безь сям’і. А быў глуханямы. Жыць было дужа трудна. Палітыкай ён не займаўся. Неяк аднаго разу ў мястэчка завіталі хлопцы зь лесу. Іх было трое, і яны прынесьлі з сабой фальшывыя, зробленыя ў падпольлі прадуктовыя карткі. Хацелі атаварыцца, але баяліся, што пападуцца. Тады рашылі паспрабаваць на кім-небудзь, каго не шкада. Выбралі таго глуханямога. Нечакана для іх ён пайшоў і атаварыўся. Хлопцы зарадаваліся і надзялілі яго тымі карткамі. Нямко быў дужа ўдзячны ім. На ўсё жыцьцё. І стаў партызанам. І палюбіў Леніна. І ягоную партыю.