Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 267

Васіль Быкаў

Нацыяналізм, гэтая грамадзка-палітычная зьява, стаўся дужа разнастайным у нашым часе, у пэўнай ступені пагарджаным і адпрэчаным грамадзкай сьвядомасьцю. Безумоўна, да таго прычынілася практыка, увасабленьне яго ў жыцьцё, праз што прайшло заходняе грамадзтва і выйшла да іншага. Iдэі нацыяналізму апынуліся дыскрэдытаваныя нямецкім нацызмам, італьянскім фашызмам, шмат якімі драбнейшымі радыкальнымі рухамі. А між тым ці ня ўсімі дзяржаўніцкімі здабыткамі ў нядаўнім мінулым Эўропа (і ня толькі Эўропа) абавязана менавіта нацыяналізму сваіх вялікіх і дробных краінаў. Нацыяналізм стварыў неабходную форму арганізацыі грамадзтва — дзяржаву, якая існуе «не для таго, каб ператварыць зямное жыцьцё ў рай, а для таго, каб ня даць яму канчаткова ператварыцца ў пекла», — як пісаў М. Бярдзяеў. У аснове нацыяналізму — прыроджаны эгаізм, рыса, уласьцівая кожнай жывой істоце. Гора таму арганізму, у якім гэтая рыса выяўлена недастаткова, таксама як і кепска, калі тая рыса выяўлена празьмерна. Нацыяналізм, скіраваны на ўнутраны ўжытак грамадзтва, здаўна мае найменьне патрыятызму, а скіраваны ў іншы сьвет — ёсьць шавінізм або імпэрыялізм. Знакаміты філёзаф Рычард Пайпс падзяляе сучасны нацыяналізм на два яго варыянты: эксплюзіўны (агрэсіўны) і інклюзіўны (памяркоўны); расейскі ён адносіць да першага варыянту, а беларускі проста не заўважае. Мабыць, характар кожнага нацыяналізму вызначаецца мэнтальнасьцю нацыі, яе палітычнымі памкненьнямі ў дадзены гістарычны момант. Расейскі нацыяналізм знайшоў сваё найбольшае ўвасабленьне ў бальшавіцкім імпэрыялізме, нямецкі — у агрэсіўным нацызме. Але што такое беларускі нацыяналізм?

Агульнапрынятая дэфініцыя нацыяналізму кепска дастасуецца да гэтае беларускай зьявы, якая ёсьць іншая, зь іншым нацыянальна-палітычным зьмесьцівам. У сучаснасьці яна праяўлена слаба і, на мой пагляд, недастатковая нават у сэньсе ўнутранага грамадзкага эгаізму, неабходнага для элемэнтарнай самаідэнтыфікацыі нацыі. Можна гаварыць толькі пра нацыянальныя зародкі, спазьнелыя і малавыніковыя, якія ня толькі не пагражаюць іншым народам і нацыянальнасьцям, але і не забясьпечваюць нацыянальных патрэбаў саміх беларусаў.

Напрыканцы XX стагодзьдзя характар нацыяналізму ў Эўропе надта зьмяніўся, патрэба ў ім для цывілізаваных краінаў адпала. Але для тых, якія па розных прычынах у тым не пасьпелі, ён па-ранейшаму застаецца надзённым. Менавіта нацыяналізм, паводле Фрэнсіса Фукуямы, найбольш прычыніўся да вызваленьня народаў ад камуністычнай дыктатуры. Не лібэралізм, не дэмакратыя, а менавіта нацыяналізм заняволеных камунізмам народаў. Там, дзе гэты працэс быў завершаны, зьявілася магчымасьць пераходу да дэмакратычнага лібэралізму, а дзе не завяршыўся, дзе стаўся затрыманы рэакцыйнымі сіламі, там нацыяналізм па-ранейшаму надзённы. Бо толькі нацыяналізм з найбольшнай выніковасьцю здольны аб’яднаць сілы грамадзтва ў ягоным дэмакратычным разьвіцьці. У той жа час ён можа мірна і гарманічна ўжывацца з лібэралізмам, цьвердзіць Фукуяма — «сучасны адвакат нацыяналізму», але і перакананы прыхільнік лібэралізму.