Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 265

Васіль Быкаў

Яшчэ на пачатку перабудовы мне спадабалася кніжка беларускага журналіста Аляксандра Лукашука, да якой я напісаў невялічкую прадмоўку. З тае пары ў нас з аўтарам устанавілася добрае сяброўства, якое набыло характар сталага супрацоўніцтва, калі зь цягам часу Аляксандар Лукашук стаў дырэктарам беларускай рэдакцыі Радыё Свабода. Ён, як і мой калега па БНФ Сяргей Навумчык, асабліва прычыніліся да майго лёсу, як я апынуўся за мяжой, пераехаў у Прагу. Ну але тое здарылася значна пазьней.

А тады зь перадачаў «Свабоды» пачулася штось неверагоднае — раптоўна ў адпачынку захварэў Гарбачоў, а ў Маскве адбылося штосьці вельмі падобнае да путчу. Тэлебачаньне перапыніла ўжо сваю праграму, перадавала клясычны балет, а пасьля на экранах паявіліся нейкія малазнаёмыя пэрсоны, паведамілі аб стварэньні ГКЧП. Toe было незразумела, нараджала неспакой і трывогу. Што адбываецца?

Наступныя дні, поўныя палітычнага драматызму, паказалі, што адбываецца кепскае, што камуністы вырашылі прыбраць Гарбачова, зьмяніць яго курс. Але на які? Хутка стала зразумела, што — на ранейшы, звыклы і выпрабаваны, дужа вядомы сьвету, пачынаючы з кастрычніку сямнаццатага году. З таго часу ён увогуле не мяняўся, падобна, набыў устойлівыя відавыя рысы. I першы, хто памкнуўся яго зьмяніць, быў Гарбачоў. Але, відаць, і ягоная спроба змушана застацца безвыніковай…

Мяркуючы па ўсім, перабудова ляснулася, і зь ёй — адчайная і няўмелая спроба рэфармаваньня ягонае партыі. Але калі тое рэфармаваньне не ўдалося генсеку партыі, дык каму ж тады яно можа ўдацца? Як паказала жыцьцё, тая партыя наогул не рэфармуецца. Яна або можа існаваць у ранейшым, створаным Леніным стане, або загінуць.

Я дужа шкадаваў, што ў той час у Менску не было Адамовіча, які стаў вельмі патрэбны. I ня мне аднаму.

Зянон пры чарговай сустрэчы сказаў пра апошнія падзеі трохі інакш, чым мне адчувалася. Ён сказаў, што гэта — добра. Гэта толькі паскорыць іхнюю агонію. Сьмерць прыйдзе знутры. Трэба толькі не чакаць, выхапіць з полымя тое, што нам належыць, — нашу свабоду. Бо іхняй свабоды ўжо не ўратаваць нікому.

Тое былі разумныя словы, толькі як дамагчыся іхняга спраўджаньня?

Беларускае кіраўніцтва (старшыня Вярхоунага Савету А. Дземянцей), канешне ж, падтрымала ГКЧП. Для камуністычнай намэнклятуры тут не было праблемаў, яна заўжды настроена на ўладу і зараз жа адварочваецца ад яе, калі тая перастае быць уладай. Гарбачоў яўна губляў уладныя функцыі, і беларускія кіраўнікі сьпяшаліся ад яго адцурацца, каб прыляпіцца да іншых. У той час — найперш да арганізатару путчу Кручкова і яго ўсемагутнага ведамства.

А ў Маскве, між тым, на авансцэну палітычнае барацьбы выходзіў Б. Ельцын, якога абралі старшынёй ВС Расеі. Гэтага кіраўніка я мала ведаў, хаця на зьездах і па тэле ён фігураваў дастаткова часта. Візуальна то была ўнушальная фігура, стандартны партыйны лідэр з прыгожым сіваватым чубам і нязлым упэўненым позіркам. Але яго папярэдняя дзейнасьць мала чым адрозьнівалася ад падобных да яго — той жа намэнклятуршчык абласнога маштабу. Наўрад ці ён мог сур’ёзна пайсьці супраць партыі, у якой зрабіў немалую кар’еру. Наступныя падзеі, аднак, паказалі, што такія думкі былі часткова памылковыя, падзеі ў Маскве, як і належала для гісторыі, разьвіваліся непрадказальна. Ельцын выступіў супраць партыі, але на паўдарозе спыніўся, мяркуючы па ўсім — спалохаўся. За сябе, за сям’ю ці за партыю — цяпер ужо ня мае значэньня. Як нярэдка бывае ў палітычнай гісторыі, паліятывы загубілі немалыя магчымасьці. А што да Расеі, дык і ўсё паблыталі: камунізм з капіталізмам, свабоду зь няволяй, тыранію з дэмакратыяй. Як бы цяпер сказалі — палітыка Ельцына праявіла свой поўны непрафэсіяналізм.