Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 263

Васіль Быкаў

Шмат каму з Пазьняком было нялёгка. Сам будучы чалавекам апантаным, ён гэткай жа апантанасьці чакаў і ад іншых, найперш ад сваіх паплечнікаў. Але кожны зь іншых меў свой, адметны ад ягонага характар. Тое ўвогуле зразумела і натуральна, бо ўсе яны паводле перакананьняў былі дэмакраты, а вядома, што дэмакратам мэтафізычна не ўласьціва адзінамысьленьне. Там, дзе паяўляюцца хоць бы два дэмакраты, пачынаюцца нязгоды і пярэчаньні. Самаахвярнасьць — псыхалягічна цяжкая справа, мабыць, неразумна патрабаваць яе ад кожнага іншага. Тут здатны толькі ўласны добраахвотны выбар, штурхаць да якога ня мае права ніхто. Нават бальшавікі ў вайну разумелі тое і лічылі, што сотні Матросавых свой подзьвіг абралі па ўласнай волі (хаця тое дужа сумніўна). Але важна, што пастулят добраахвотнасьці і для іх быў нязрушны. Дарэчы, надта хрысьціянскі пастулят.

Менавіта ў гэткіх абставінах на чарговым зьезьдзе зьявілася праблема ў лідэра БНФ, адстаўкі якога дамагаліся некаторыя зь ягоных паплечнікаў. Я быў змушаны выступіць з просьбай не рабіць таго, зразумець, што да пэўнага часу Пазьняк у Фронце альтэрнатывы ня мае. Мяне паслухаліся, хаця, можа быць, я і памыляўся. Бо ўсё роўна пазьней БНФ раскалоўся і фармальна, а прыкметы расколу паявіліся ў ім на некалькі гадоў раней.

Бэнээфаўцаў, асабліва ветэранаў гэтага руху, часта грэбліва называюць рамантыкамі. Тое не зусім правільна, хаця доля праўды ў тым азначэньні ёсьць. Нейкая мера рамантызму, мабыць, была ўласьціва і Пазьняку. Ня надта добра, што зь цягам часу высакародная ўвогуле ідэя адраджэньня набыла ў вачох грамадзтва архаічнае адценьне, — не заўсёды зразумелае, а таму і не прымальнае для сучаснага, празьмерна прагматычнага беларуса. Беларускі народ у сваёй масе напрыканцы XX стагодзьдзя меў клопат ня так з праблемай адраджэньня, як з праблемай выжываньня. Хоць як-небудзь, хоць з бальшавіцкім рылам, але каб не ператварыцца ў мерцьвяка, што ўвогуле было рэальна. Па сутнасьці ішоў працэс паміраньня (ва ўсіх сэнсах), і важна было клапаціцца, як затрымацца на краі пагібелі, а ня дбаць пра колішнюю веліч часоў ВКЛ. Народ тое адчуваў інстынктыўна, і таму на першых прэзыдэнцкіх выбарах у масе сваёй не пайшоў за Пазьняком і БНФ зь іх віртуальным нацыянал-дэмакратызмам, архаізацыяй і без таго ня надта палагоджанай мовы, чым сталася, на думку некаторых, вяртаньне да граматыкі Тарашкевіча. З часоў Тарашкевіча шмат што зьмянілася ў сьвеце, у тым ліку і ў беларускай мове, з чым прагматычнаму палітыку немагчыма было не лічыцца. Народ пайшоў за жорсткім, нахабным, прагматычным дырэктарам саўгасу, ідэі якога былі простыя, як мычэньне каровы і зразумелыя дарэшты. Без увагі да нацыянальных прынцыпаў, Лукашэнка кінуўся да Расеі, найперш каб выбіць адтуль асабістую падтрымку, а таксама хлеб, бэнзін, газ, безь якіх немагчыма было ня толькі «адраджацца», але і перажыць зіму да вясны. Вядома ж, разумнейшыя адчувалі, што ён адбіраў у Беларусі сувэрэнітэт, будучыню і пазбаўляў дэмакратыі. Але што карысьці з дэмакратыі, калі плакалі галодныя дзеці? Несумненна, будучы дэмакратамі, лідэры БНФ не зразумелі, што дэмакратыя — гэта не справядлівасьць, а матэматыка, што нацыянальную будучыню цяпер вырашаюць лічбы, а не ідэі, якія б разумныя яны ні былі.