Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 261

Васіль Быкаў

У адну з апошніх маіх паездак на радзіму я прыдбаў ідэю-сюжэт аповесьці «Аблава».

Знаёмы кубліцкі чалавек распавёў пра выпадак з 30-х гадоў, як у нас праходзіла калектывізацыя і зь ёй — раскулачваньне, высылкі, рэпрэсіі. Адзін селянін быў сасланы зь сям’ёй пад Архангельск, там напакутаваўся, пахаваў жонку, малую дачку і вырашыў уцякаць на радзіму. Як ні дзіўна, тое яму ўдалося. Праз шмат прыгодаў-пакутаў, адолеўшы тысячу кілямэтраў, ён апынуўся на родным котлішчы і соладка, на адзіноце паплакаў. Але на тым і скончылася ўсё яго шчасьце вяртаньня. У дарозе яго ніхто ня ведаў, а тут пазнаў першы ж сустрэты ранкам сусед. I ўжо надвячоркам на яго пачалі паляваць, наладзілі аблаву, у якой (во драма!) змушаны быў прыняць удзел і ягоны сын, што ў свой час адрокся ад бацькі і ўступіў у партыю. Бацька ўтапіўся ў балоце, але з чым застаўся жыць яго сын? Ці ня з тым жа, што ўвесь век насіў у сабе Аляксандр Твардоўскі. Гэта ж ён апынуўся ў падобнай сытуацыі, калі аднойчы ў Смаленску, дзе малады паэт працаваў у рэдакцыі, да яго прыйшоў зьбеглы з высылкі бацька. Сын тады сказаў яму: «Вяртаўся б ты лепей туды, адкуль прыйшоў…». Людзям іншага веку наўрад ці зразумець усю глыбіню вытокаў пажыцьцёвай драмы слыннага паэта і ягонага няшчаснага бацькі.

Па начной дарозе да Менску, седзячы між стомленых паездкай і працай кіношнікаў, я ўсё думаў пра тую даўнюю драму. А прыехаўшы дадому, хутка напісаў «Аблаву».

114. БНФ. Пазьняк

Зянон Пазьняк імкнуўся ўсталяваць у БНФ строгую партыйную дысцыпліну, улік і ўсё іншае, уласьцівае рэгулярнай палітычнай арганізацыі. Болей як два разы нельга было прапусьціць паседжаньні сойму, на ўсіх сяброў заводзіліся ўліковыя карткі. Toe, мабыць, было патрэбна, бо міністэрства юстыцыі строга сачыла за выкананьнем фармальнасьцяў, каб пры выпадку прыдрацца і спыніць дзейнасьць грамадзкай арганізацыі. Усяго таго ды шмат чаго іншага Пазьняк і БНФ дамагліся пры апантаным супраціўленьні нават адносна лібэральнага ладу часоў Шушкевіча, не кажучы ўжо пра пазьнейшы паліцэйскі рэжым Лукашэнкі.

Вядома, суровы рыгарызм Пазьняка далёка ня ўсім падабаўся ў шэрагах фронту. Увогуле сумленныя і разумныя хлопцы, пераважна беларускія інтэлігенты, сабраўшыся разам, нярэдка выяўлялі нязгоду з лідэрам. Тая нязгода ў асноўным палягала ў тактыцы; стратэгія ні ў кога не выклікала сумневу, бо стратэгіяй была Беларусь, якой бэнээфаўцы, безумоўна, былі аддадзеныя. Я любіў і паважаў іх усіх — заўжды філасафічна-памяркоўна настроенага Юрася Хадыку, веселуна і песьняра Валянціна Голубева, няўрымсьлівага Вячаслава Сіўчыка, красамоўцу Вінцэся Вячорку, па-дзелавому засяроджанага Сяргея Навумчыка. Некалькі пазьней да іх далучыцца інтэлігентны Лявон Баршчэўскі. Слаўныя былі каля іх і дзяўчаты, хоць і па-жаночы не заўжды згодныя між сабой, але памяркоўныя і адукаваныя. Аналітычныя здольнасьці Зянона здаваліся бязьмежнымі. Падобна было на тое, што ён ведаў усё пра Беларусь — сучасную і гістарычную, слухаць ягоныя развагі пра яе можна было гадзінамі. Хоць ён не выглядаў красамоўцам, але гэта быў чалавек, на ўсё жыцьцё хворы Беларусьсю. Я вельмі цаніў гэтую ягоную якасьць, і нават калі не з усім быў згодны або ня ўсё мне падабалася ў ягоных максімах, не хацеў пярэчыць. Я не адчуваў за сабой права пярэчыць чалавеку, апантанаму вялікай ідэяй.