Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 260

Васіль Быкаў

Навакольле таксама зьмянілася. У мой любы зялёны роў нельга было і ўлезьці, так ён зарос алешнікам; прапала безь людзкой патрэбы і наша крынічка. Хмызьнякі і алешнікі ўсё болей заваёўвалі колішнія вясковыя палеткі і падступалі да самых гародаў. Дашчэнту пазарасталі палявыя дарожкі, а тыя, што засталіся, былі бязьлітасна зьнявечаныя вялізнымі коламі аўтатрактарнай тэхнікі і круглы год зеўралі правальлем-каляінамі. Добра, што галоўную дарогу я ўсё ж дамогся заасфальтаваць у свой дэпутацкі час. Вайскоўцы не далі заасфальтаваць адрэзак з магістральнай дарогі на Кублічы, — адкуль у іх пачыналася манэўровая аўтаракетная траса, якую належала маскаваць ад НАТА. Цяпер няма ні трасы, ні ракетаў, але няма і людзкай дарогі.

Мой брат Мікола, які тут пражыў жыцьцё, працуючы ў калгace, дачакаўся нарэшце пэнсіі і з тае нагоды быў дужа рады. Яго ніхто ня гнаў на дармовую працу, можна было пакалупацца на падворку, ля хаты, што брат дужа любіў. Плёў з дроту сеткі на загарадзі, у суседніх хмызьняках назапашваў дровы. У хляве гадавалася сьвінка, пасьвілася кароўка. Грошай плацілі мала, але рэгулярна, хлеб раз на тыдні прывозіла аўталаўка. Чаго яшчэ было трэба? Такога жыцьця ніколі не было ў вёсцы, і пэнсіянэрам здавалася, што дажыліся нарэшце да камунізму, які абяцалі бальшавікі. Каб толькі болей здароўя. Але менавіта здароўя і не хапала, — здароўе дарэшты адабрала шматгадовая калгасная паншчына. Нядоўга парадаваўся сваёй пэнсійнае волі і мой Мікола…

Так, насунулася пара стратаў, усё бліжэй падступаў час разьвітаньня. Меней і меней заставалася крэўных, сяброў і нават знаёмых. Рыгор дык зусім застаўся адзін — апошнімі сышлі яго цётачка, што колісь ласкава частавала нас сьнеданьнямі (мужчынскую годнасьць яна часьцяком вызначала па спрадвечнай сялянскай шкале: ешчы-няешчы. Ня ведаю, як Рыгор, а я ў яе апынуўся ў ліку няешчых), нядаўна пайшоў і дзядзька Пятрок, апошні з Рыгоравай радні, ня дужа дбайны вартаўнік Рыгоравага падворку, на якім ці ня кожнай зімы гаспадарылі вушацкія зладзеі.