Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 259

Васіль Быкаў

Болей у той камісіі я не зьявіўся. Я не хацеў мець нічога агульнага са злачыннай палітыкай відавочнага рэваншу, які задоўга да вядомага путчу насьпяваў, рыхтаваўся тымі, хто апынуўся перад рэальнай пагрозай страціць шматгадовую ўладу. Я разумеў Адамовіча, які разам зь іншымі інтэлігентамі асуджаў Гарбачова, але і ня мог не паспачуваць апошняму.

Гарбачоў апынуўся ў зьвярынцы, які незнарок ці наўмысна сам разварушыў і, мабыць, ужо ня ведаў, як зь ім справіцца.

113. На родным возеры

Рыгор Барадулін, як заўжды поўнячыся рознымі (ня толькі паэтычнымі) ідэямі, надумаў зьняць фільм пра маю «малую радзіму». Як усё было ўлагоджана, на мікрабусе «Беларусьфільму» паехалі ў Вушачу.

Тая дарога праз Плешчаніцы і Бягомлю была мне даўно знаёмая, я любіў яе навакольныя бары і пагоркі, цяністы лесавы шлях празь Бярэзінскі запаведнік. Мабыць, дарога і была самым прыемным з таго падарожжа, бо астатняе… Астатняе было надта жыва зьвязана з труднымі ўспамінамі пары дзяцінства, сумам адміраньня і запусткаў у некалі знаёмых ваколіцах. Toe вярэдзіла душэўныя сілы, самотай дацінала нэрвы. Усё, што для іншых, староньніх, было дэтальлю іхняй цікавасьці, для мяне — болем. I я, можа, не пагадзіўся б, калі б хітраваты Рыгор, ведаючы адну маю слабасьць, не падмануў мяне любым маім азярком. Заплянавалі здымкі на возеры, і я паехаў.

Па дарозе заехалі ў Воўчу па сястру Валю, якая ўжо ведала пра прыезд кіношнікаў і чакала нас. Валя выйшла замуж у Воўчу за калгаснага мэханізатара Шурку, увогуле добрага і майстравітага чалавека, які, аднак, меў адзін недахоп — усё той жа. Дзяцей у іх не было, і сястрычка даволі адпакутавала за Шуркам-Сашкам, які праз сваё хіба і памёр яшчэ не старым. Удавіца засталася адна ў няновай хаце, з катом, пры агародзе, якім адно і клапацілася ад раньняй вясны да позьняй восені. З таго і жыла.

Пасадзілі ў аўтобус Валю і паехалі ў Бычкі — на закінуты, зарослы дзядоўнікам і крапівой падворак бацькавай хаты. Памятаю, як яе будавалі, як яна была новаю і радавала дзяцей і бацькоў. Але мінула небагата часу, хата пахілілася, урасла ледзь не па вокны ў зямлю і стаяла з прадраным дахам і згнілымі дошкамі ганку. Адна радасьць была з двух пасаджаных бацькам дрэваў — дубу і клёну, якія з кожным годам усё болей раскашавалі, узьнёсшыся высока над хатай. На тым ганку кіношнікі змусілі мяне прымаць патрэбныя для іх позы, адказваць на пытаньні, якія задаваў, застаючыся «чалавекам за кадрам», рэдактар і рэжысэр Валодзя Халіп. Затым паехалі на возера, зьехаць да якога з гарыстага берагу было немалой рызыкай. Але неяк зьехалі. А там на спрытным пагорачку, які я любіў зь дзяцінства, распалілі цяпельца, пачалі ладкаваць вучоную размову. Дужа я не любіў тых пастановачных размоваў, калі трэба было дэманстраваць сваю глыбакадумнасьць або лірычную ўзьнёсласьць. I тое ды іншае, на мой пагляд, лепей трымаць пры сабе, а калі ўжо давяраць каму, дык найлепш — паперы. Сястрыца сядзела побач і слухала, дзівячыся кіношнай «мудрасьці», перажываючы за наша агульнае мінулае. Як усё скончылі, Валодзя Халіп бухнуўся ў возера і — на маё захапленьне — пераплыў яго туды і назад без супынку. Тое я бачыў упершыню. Ніхто раней так сьмела не пераплываў наша возера — можа, не было спрытных, а мо палохала глыбіня. Казалі старыя, што возера дужа глыбокае. Але ня дзіва — Валодзя вырас на возеры. Як вярнуліся ў вёску, пакуль брат Мікола з жонкай Тоняй ладзілі пачостку, я пайшоў па пустэльнай, зарослае травой маёй колішняй вуліцы. Родная мая, бедная і няшчасная вёсачка, яна дажывала свае апошнія дні. З нашых былых суседзяў жылі толькі ў дзьвюх хатах, астатнія стаялі пакінутыя, ды і тых засталося некалькі. Зеўрала пабітымі вокнамі хата Галавачоў, куды я некалі любіў хадзіць да Валодзі, ня стала хатаў дзядзькі Васіля, памерлага ад сухотаў волата Куца. Праўда, няблага асталяваўся на сядзібе малодшы брат майго сябра Колі — Сямён, дбайны і працавіты селянін. У хаце Мішы, які працяглы час быў дырэктарам школы, жыла-дажывала яго ўдовая сястра, адзіную дачку якой забіла маланкай. У другім сяле жылых хатаў было трохі болей, але я ўжо забыўся імёны іхніх жыхароў. Апроч хіба кінамэханіка Васіля Паршонка, што жыў на краі за могілкамі.