Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 258

Васіль Быкаў

Так сталася мая першая і апошняя гутарка з гэтым чалавекам. Ноччу Сахараў памёр у сваёй кватэры, а праз два дні дэпутаты ехалі на аўтобусах яго хаваць. Я трапіў у аўтобус, куды пасьля села група генэралаў і зь імі маршал Ахрамееў. Не зважаючы на сумную нагоду, генэралы паводзілі сябе даволі ажыўлена, маршал жартаваў. Цяжка было тады меркаваць, што мінецца трохі часу, і той Ахрамееў павесіцца ва ўласным кабінэце. Такія во дзьве сьмерці. Ці ўраўняюць яны нябожчыкаў?

У залі паседжаньняў сярод беларускай дэлегацыі насьпеў канфлікт, да якога прычыніўся і я. Спатрэбілася даабраць дэпутатаў у Вярхоўны Савет. Дэмакратычна настроеная частка дэпутатаў памкнулася вылучыць сваіх — Шушкевіча ці Дабравольскага. Але тою справай заклапоціўся Сакалоў, ён правёў галасаваньне па «спрошчанай» схеме — у залі, са сваіх месцаў. Падлічваць галасы даручыў кадэбісту Балуеву, які сядзеў насупраць мяне. Я адразу падняў руку супраць усіх іхніх кандыдатаў, ды, вядома ж, застаўся ў пройгрышы, абралі камуністаў. Тады я не стрымаўся і, мабыць, празьмерна рэзка, а то і зьняважліва вымавіў Сакалову. Ленінградзкі сьледчы Iваноў, што сядзеў недалёка і назіраў тую сцэну, сказаў мне: «Сьмела вы, аднак». Можа, і сьмела, але па-дурному і бескарысна, бо нічога тым не дамогся. А галоўнае, сабе на шкоду, — пасьля паглытаў таблетак.

На паседжаньні камісіі, у якую быў залічаны, я ня езьдзіў.

Прысылалі позвы, якія прывозіў адмыс ловы кур’ер — стукаўся ноччу гадзіны ў чатыры, прымушаў расьпісацца, пасьля чаго я тую паперку выкідваў у сьметнік. Але аднойчы на чарговым зьезьдзе ў канцы дзённага паседжаньня мяне паклікалі. Камісія засядала ў шыкоўнай залі старога Крамлёўскага палацу. Я прыйшоў, спазьніўшыся, але лепш бы не ішоў зусім. Гэта быў жах, які не здараўся нават у вялікай залі паседжаньняў зьезду. Iшло нейкае абмеркаваньне, кіраваў усім старшыня камісіі, чалавек у цывільным, але, як значылася ў паперах, у чыне генэрал-палкоўніка. Астатнія таксама былі генэралы — узброеных сілаў і КДБ, цэкоўцы і рэспубліканскія лідэры. Жарсьці тут былі распаленыя, ва ўсіх чырвоныя твары. Чарговы выступоўца даводзіў, што палітыка Гарбачова — здрадніцкая, што ён не дае магчымасьці дабудаваць «авианесущие крейсера, позарез необходимые армии и флоту». Iншыя рэплікамі зь месцаў падтрымлівалі яго. Пасьля выступалі самі — усе супраць здрадніцкай палітыкі Гарбачова, які «продал Россию и гробит партию». Затым узяліся абмяркоўваць «гнюсны паклёп» журналіста Кароціча, які ў сваім часопісе «Огонёк» напісаў, быццам у Савецкай арміі мае месца «выдуманная им дедовщина». Адзін сталага веку палкоўнік ледзьве не заплакаў ад тае зьнявагі, бо наша «рабоче-крестьянская армия, победившая злейшего врага — немецкий фашизм…» і г. д. Яго дружна падтрымалі астатнія. Прагучала прапанова выклікаць на сэсію рэдактара Кароціча і «пропесочить его, чтобы десятому заказал, как клеветать на доблестную рабоче-крестьянскую…». Далей я не стрываў і выйшаў.