Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 256

Васіль Быкаў

Адамовіч, наадварот, — хацеў, каб яго абралі, ды марна. Нават ня вылучылі. Бачна было, ён трохі перажываў, бо быў чалавек значнай грамадскай актыўнасьці. Але ўжо так здаўна ўладкавана ў нас, што хто хоча, таму не даюць, а хто ня хоча, таго прымушаюць. Гэты бальшавіцкі прынцып не ўдалося зрушыць і Гарбачову. Як пачалі разьмяркоўваць па камісіях, было прапанавана падаваць заяўкі — хто куды хоча. Я нікуды не падаваў, намерыўся па-салдацку сачкануць, Адамовіч падаў адразу ў дзьве камісіі, думаў, можа, у якую залічаць. На жаль, яго не залічылі ні ў адну, а я, таго не жадаючы, апынуўся ў камісіі па абароне і дзяржбясьпецы. Калі пасьля паскардзіўся Лук’янаву, які тым займаўся, на нечаканае прызначэньне, той адказаў:

«Дык вы ж пішаце пра армію і пра КДБ». Так я ўліп.

Адамовіч тады зь мяне пасьмяяўся — надумаў каго абхітрыць! А я распавёў яму старую байку пра адэскага бамжа, які праспаўся ранкам у порце і ідзе шукаць заробку. Бачыць, на мосьціку акіянскага лайнэру стаіць прыгажункапітан, і бомж, пачухаўшыся, гукае: «Эй, кэп, табе памочнік ня трэба?» — «Не», — кажа кэп. — «А боцман?» — «Таксама не». — «А кок?» — «I кок не». — «Пашэнціла, падла, а то б я табе наработаў…» Я не адэскі бомж, але на камуністычнага кэпа таксама працаваць не зьбіраўся.

Пачалася вірлівая, бязладная і шмат у чым драматычная дзейнасьць на зьездах народных дэпутатаў, якія зачасьцілі ў Крамлі. Дэпутатаў было вялікае мноства з усіх рэспублікаў Савецкага Саюзу. Найбольш — з рэспублікаў Сярэдняй Азіі, і найменш — з Прыбалтыкі і Каўказу. Разьмяшчаліся ў залі строга на адпаведных месцах, у часы перапынкаў кучкаваліся каля сваіх партыйных лідэраў, якімі тады былі першыя сакратары ЦК. Тыя працавалі ў якасьці рэжысэраў, вызначалі выступоўцаў, давалі палітычныя ўказаньні. Тыя, што зьбіраліся выступіць, пасылалі запіскі: прашу слова ў падтрымку і г. д. Тым і давалі слова, у той час, як іншыя абураліся. Поруч зь беларускай дэлегацыяй цэлы гектар плошчы займала дэлегацыя Узбэкістану, і я назіраў за яе паводзінамі. Там было некалькі дырыжораў, у тым ліку адна жанчына, якія кіравалі ня толькі выступоўцамі, але і падавалі рэплікі, выкрыквалі, зачыналі аплядысмэнты. Дужа згуртаваная была дэлегацыя.

Увогуле палітычны напал у залі для неспрактыкаванага чалавека часьцяком быў нясьцерпны. Асабліва, як выступаў Сахараў ці Афанасьеў. Ці нават Сабчак. Сахараў гаварыў пра Афганістан, і яму выключалі мікрафон, воплескамі спрабавалі сагнаць з трыбуны. Затое, як выступаў генэрал Радзівонаў, што наладзіў вядомую крывавую лазьню ў Тбілісі, яго праводзілі з трыбуны бурнымі воплескамі, палова залі ўстала. Я тады выразна зразумеў, што трапіў яўна не туды, што неяк трэба адсюль рваць кіпці.

Алесь Адамовіч, наадварот, — быў поўны энэргіі і палемічнага азарту, гатовы быў выступаць з кожнага поваду. Нярэдка яму тое ўдавалася, бо сядзеў ён у першым радзе, якраз перад трыбунай.