Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 255

Васіль Быкаў

Прыкладна так і атрымалася, як я прадбачыў.

На сходзе некалькі чалавек усталі і прапанавалі — Быкава! Я ў сваю чаргу выступіў з самаадводам. Тады пачалі галасаваць, і мой самаадвод не прынялі. Я зноў не пагадзіўся. Зноў выступілі, угаворвалі мяне. Адзін толькі Дамашэвіч, мабыць, зразумеўшы мяне, сказаў: «Ну што вы прычапіліся? Чалавек ня хоча, ужо немалады, нездаровы…». Яго не паслухаліся, гэтак жа, як і мяне. На тым і разышліся.

На другі дзень рана пазваніў Анатоль Вярцінскі, які тады рэдагаваў «ЛіМ». Ён ці ня з роспаччу сказаў, што ня ведае, як быць. У газэту трэба даваць паведамленьне пра вынікі вылучэньня, а ты не пагаджаешся. У пратаколе, які ляжыць перада мной, запісана: вылучыць Быкава. Дык што рабіць?

Я паважаў Вярцінскага, быў зь ім у сяброўскіх адносінах і, сьцяўшы душу, змушаны быў пагадзіцца. Дзеля рэдактара, дзеля «ЛіМу», а не дзеля сходу, які гвалтоўна вылучыў мяне на пакуты.

Вынікі таго вылучэньня пайшлі ў Маскву. I паколькі выбары павінны былі адбыцца ў Саюзе пісьменьнікаў, дзейнічала ўсесаюзная квота — 10 дэпутатаў ад СП. Там належала зноў выбіраць з усіх, вылучаных ад рэспублікаў і аўтаномных абласьцей. Я думаў-спадзяваўся, што, можа, там не прайду, пройдуць іншыя. Ды так ня здарылася — абралі і там. I вось Быкаў у ліку дзесяці стаў народным дэпутатам СССР ад усесаюзнай пісьменьніцкай арганізацыі. Алесь Адамовіч таксама ім стаў, але ад Саюзу кінэматаграфістаў. Toe, што быў абраны Адамовіч, трохі ўсьцешыла мяне — усё ж будзе свой чалавек побач. Не адзін я ў гэтай намэнклятурнай грамадзе, якая ад Беларусі налічвала каля сотні. I трохі цешыла, што я — ад творчай арганізацыі. Думалася, ня буду сядзець сярод гэтых — ужо наседзеўся за дзесяць гадоў у Вярхоўным Савеце БССР. Ды так, на жаль, не адбылося. Выбіралі ад розных арганізацыяў і саюзаў, а ў залі пасадзілі ўсіх паводле альфабэту і тэрытарыяльнага прынцыпу. Адамовіч апынуўся сярод дэпутатаў Масквы, а я — Беларусі. Маімі суседзямі сталі старшыня Берасьцейскага выканкаму, майстар з маладэчанскага заводу, старшыня калгасу Бядуля, старшыня КДБ Балуеў. Ззаду сядзелі старшыня Саўміну [Беларусі] Кебіч, беларускі першы — Сакалоў. Яшчэ тая кампанія!

Але сьпярша належала абраць Вярхоўны Савет СССР, для чаго ў Менску сабралі ўсіх дэпутатаў, вёў паседжаньне Малафееў. Абіралі за сталом прамым і адкрытым галасаваньнем. Пачуўшы сваё імя, я адразу заявіў самаадвод, які не прынялі. Толькі генэрал Чумакоў і яшчэ пара чалавек прагаласавалі супраць Быкава, і я ня ведаў, ці тое — мае прыяцелі, ці супраціўнікі. Паехалі ў Маскву. Там у залі прэзыдыуму ВС склікалі савет старэйшын, на якім прысутнічалі і мы з Адамовічам. Мы сядзелі ўгары, на задніх лаўках, і назіралі, як Гарбачоў з Лук’янавым абмяркоўваюць кандыдатуры, вылучаюць кіраўнічыя органы. Я паслаў Гарбачову запіску аб самаадводзе. Гарбачоў голасна зачытаў яе і падняў мяне зь месца: якая прычына? Я сказаў, што хворы. Гарбачоў паківаў галавой: ну во, папулярны пісьменьнік, адмаўляецца. Ну што ж… Паклаў маю паперку ўбок, аднак са сьпісу [прэзыдыуму] Вярхоўнага Савету выкрасьліў.