Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 97

Васіль Быкаў

Авось не застрэляць.

Пасля непралазнага гушчару хвойніку крочыць па полі была адна асалода. Заняты сваімі думкамі, ён адмахаў кіламетры са тры, калі не болей, як раптам адчуў, што перамяніўся вецер. Спярша дзьмуў злева, а пасля стаў заходзіць ззаду. Ці, можа, ён сам, а не вецер змяніў кірунак? Антон спыніўся, прыслухаўся. Але ў полі нічога не было чуваць, апроч звыклых парываў ветру і шорхату снегу. Тады ён угледзеўся ў снегавыя прыцемкі, у якіх знікаў раўнінны палявы прастор, і таксама не мог там убачыць нічога пэўнага. Усё ж ён узяў трохі ўправа, здалося, штосьці там высілася над краявідам, хаця гэта мог быць змрочны край неба, і хутка, на яго здзіўленне, з паўзмроку выплыла цёмная сцяна лесу. Але тут не павінна было быць ніякага лесу, падобна, што ён заблудзіўся.

Трохі азадачаны, ён спыніўся ў некалькіх кроках ад лесу, абапёрся на знятую з натруджанага пляча вінтоўку. Позіркам ён спрабаваў пранікнуць далей у ветраны змрок начы, але позірк меў сілы на якіх-небудзь сто метраў, не больш. На працягу гэтых ста метраў наперадзе і столькі жа ззаду была прыкметна толькі плаўная крывуляка ўзлеску, які чамусьці здаўся яму знаёмы. Ды яны ж сёння пляліся тут з Зоськай! Яна яшчэ тут ванітавала, і ён, не ў стане нічым памагчы, стаяў і глядзеў на скалечаную агнём сасну на ўзлеску. Вунь, здаецца, і пагарэліца, голае сучча якой чорнымі рагулямі тырчыць у прыцьмелае поле. Чорт ведае куды яго занесла!

Трэба было павяртаць назад, абысці хвойнік і выходзіцьда Нёмана, але Антон, яшчэ не разумеючы навошта, пайшоў да ўзлеску. Каля дрэў было зацішней ад настырнага ветру ў полі, ён падышоў да сасны і прысланіўся да яе чорнага шархоткага боку. Усё ж адчувалася стома, трохі кружылася ў галаве, цягучы ветраны гул не спыняўся ў вушах. Даўшы сабе кароценькі адпачынак, Антон чамусьці перастаў думаць пра тое, як выйсці да Нёмана і дзе перабрацца на яго левы бераг. Яго думкі пайшлі іншым кірункам, і перад вачмі паўстала знаёмая крывуляка ўзлеску, за ёй — тое самае поле з шушай, дзе, напаўзавеянае снегам, ляжыць цяпер цела Зоські. Пад раніцу яго, мабыць, зусім замяце снегам..

Дзіўна, але ён ужо не адчуваў да яе нядаўняй варожасці, у глыбіні ягоных пачуццяў нарадзіліся новыя адносіны да яе, падобныя болей на шкадаванне і ціхі, невыразны сум. Ён гаротна ўздыхнуў, падумаўшы, што ўсё магло скончыцца інакш, калі б… Але надта шмат рознага ўключала ў сябе гэтае калі б, каб тут пра яго думаць. Адно несумненна: вайна парушыла спрадвечныя адносіны паміж людзьмі, паставіла чалавека ва ўмовы, калі не падпарадкавацца яе злой волі не было ніякай магчымасці. Во і тут: хіба ён хацеў яе забіваць? Проста ён сам хацеў выжыць, а выжыць удваіх зрабілася немагчыма.