Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 96

Васіль Быкаў

Хуткім крокам Антон перайшоў цёмнае поле і выйшаў да хвойнага ўзлеску. Невысокія густыя хвойкі шчыльна сціскалі свой рад, і ён з немалым намаганнем пралез паміж імі, стросшы на сябе белаватае ўначы воблака снегу. Нізка гнучыся, амаль навобмацак ён пачаў прабірацца ў глыб хвойніку. Ён думаў, што далей ад узлеску хвойнік стане радзейшы, але ўвесь гэты хвойнік аказаўся суцэльнай гушчэчай, прабрацца праз якую нават удзень было неверагодна цяжка, не кажучы ўжо пра ноч.

Доўга прадзіраючыся праз зараснікі, ён балюча разадраў руку, прадраў кажушок на плячы і стаў думаць ужо не пра тое, каб вытрымаць напрамак да Нёмана, а каб хоць вылезці з гэтай гушчэчы. Але, крута павярнуўшы ўбок, ён убіўся ў яшчэ горшы хвойны сушняк, які застаўся, напэўна, пасля аднаго з летніх пажараў, дзе і зусім немагчыма было ні прайсці, ні пралезці праз калючае і цвярдое, як сталёвы дрот, сучча. Зразумеўшы, што гэтае месца лепш абысці бокам, Антон павярнуў назад, пасля зноў пачаў браць улева. Але куды б ён ні падаўся, усюды яго пільнаваў гушчар з калючага галля і сучча, якія зласліва чапляліся за кажушок, абдзіралі твар, рукі, кожны раз здзіралі з галавы шапку. Ён умарыўся, змакрэў ад поту і снегу, які налез у кожную прарэху ягонай апраткі.

Ужо згубіўшы надзею калі-небудзь выбрацца з гэтых д’ябальскіх нетраў, Антон, гнучыся ў тры пагібелі, адолеў чарговую дзялянку асабліва густога падросту і апынуўся нарэшце на ўзлеску. Наперадзе было поле, ён з палёгкай уздыхнуў: атрос з сябе снег, адчуваючы на разгарачаным твары пругкія ўдары ветру, які па-ранейшаму сыпаў у прыцемках снегавой драбязой. Ён пайшоў па полі, даўшы сабе слова болей не лезці ў зараснікі, дзе ў такую ноч і такое надвор’е можна хіба што хавацца ад ваўкоў. Яму ж трэба было як найхутчэй дабрысці да Астраўка ці, можа, пераправіцца цераз Нёман дзе ў іншай здатнай для таго мясціне. Цяпер гэта займала ягоныя думкі болей за ўсё іншае, таму што затрымка з пераправай пагражала заўтра новай бядой у гэтым малазнаёмым прырэчным раёне з яго паліцыяй, засадамі, патрулямі па вёсках, хутарах, на дарогах.

У полі стаяла начная цішыня, ісці было лёгка; Антон пакрысе душэўна аціх, амаль супакоіўся. Ён стараўся не думаць ні пра нядаўняе сваё забойства, ні пра тое, што яму давялося перажыць з Зоськай. Што было, тое мінулася, казаў ён сабе, у ягоным становішчы было разумней паклапаціцца пра будучае. Мабыць, давядзецца шукаць таго баламута-сяржанта і яго сябрука Пашку, хаця Антон нават не ведаў іх прозвішчаў і не меў уяўлення, з якога яны атрада. Але яны б, мусіць, пацвердзілі ягоны ўчынак пры пераходзе «жалезкі», усё ж ён прыкрыў іх агнём і тым даў магчымасць уцячы ад паліцаяў. Праўда, яны ж маглі расказаць і пра непрыемны выпадак з Зоськай на хутары. Можа, лепей не спасылацца на гэтых людзей, што хаця і ўскладніць яго апраўданне, затое дасць яму магчымасць адрачыся ад Зоські: яе ён не бачыў, не сустракаў, нічога пра яе не ведае. Пайшла і прапала, ці мала што магло здарыцца з партызанскай разведчыцай у варожай зоне. Наогул такая пазіцыя знешне выглядала даволі пераканаўчай і не павінна выклікаць падазрэнне, трэба толькі паводзіць сябе цвёрда і настойліва. Дзе быў трое сутак? Хадзіў па вёсках, хацеў разжыцца абуткам. Боты зусім разваліліся, колькі разоў гаварыў камузвода, ніякай увагі. А які ж з яго партызан зімой без абутку? Чаму не далажыўся начальству, не папрасіўся адпусціць? Шыш бы яго адпусцілі, калі б папрасіўся.