Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 91

Васіль Быкаў

— Ах, во як! — здагадаўся Антон. — Значыць, не давяраеш?

— Не давяраю.

— Да-а, — некалькі збянтэжана сказаў ён і таксама сеў на камень вышэй.

Аказваецца, магчыма і такое, падумаў Антон. Ён прыкрываў яе агнём на чыгунцы, не кінуў у хвойніку, убярог ад паліцэйскай пагоні. Ён, можна сказаць, уратаваў яе, рызыкуючы сваёй галавой, а яна не давярае яму. Яна не хоча паказаць, куды пойдзе ў Княжаводцах, каб ён не выдаў яе сяброўку, ці што? Але ён ужо не збіраўся ісці да немцаў, ён вяртаўся ў атрад — чаго ж ёй яшчэ трэба?

З намаганнем падаўляючы ў сабе злосць супраць дзяўчыны, якая сёння не пераставала здзіўляць яго сваімі выхадкамі, ён раптам адчуў меру яе варожасці да сябе, і яму стала страшна. З такім пачуццём да яго яна раскажа ў атрадзе пра ўсё, што з імі сталася, і яму напэўна нездабраваць. Калі там дазнаюцца пра яго няздзейснены план адносна Скідзеля, пра намер наведаць Капыцкага, яго проста завядуць у роў, дзе ён назаўжды і застанецца. Менавіта цяпер, калі справы на фронце далі надзею, калі ён рашыў заставацца да канца партызанам, калі ён размежаваўся з немцамі і Капыцкім, ён можа загінуць ад рук сваіх жа таварышаў. I толькі таму, што недзе ўсумніўся, па маладосці захацеў выжыць і, можа, у цяжкі час не саўладаў з нервамі.

I пагубіць яго тая самая, з якой ён гатовы быў звязаць назаўжды свой лёс і праз якую, мабыць, ледзьве не зрабіў сваё самае вялікае глупства.

Але ж не зрабіў — во што, мабыць, галоўнае. Гаварыў, праўда. Але ці мала што можа нагаварыць чалавек, калі яму смажаны певень балюча ў зад клюне!

— Ну добра, — памякчэла сказаў Антон пасля доўгага пакутнага роздуму. — Добра… Я пайду за Нёман. Але ты абяцай мне памагчы.

— Чым? — адрывіста запыталася Зоська, не павяртаючы галавы. Аберуч яна абапіралася на каменне.

— Не кажы нікому, што я хацеў з табой… у Скідзель. Яна зрабіла спробу павярнуцца да яго на камені, але толькі павяла плячыма. Цяжкая яе галава немачна імкнулася долу.

— А што я заместа скажу? Што праспала з табой ноч у аборы? Што не дайшла да Скідзеля, бо заначавала на хутары? Што праваліла гэта заданне, бо даверылася табе? Што я дурніца, ідыётка і прадажніца, якую трэба пад суд?

Здаецца, яна заплакала, угнуўшы галаву і калоцячыся, і ў гэты раз ён не пашкадаваў яе — настала чарга шкадаваць самога сябе. Сапраўды, перспектыва перад ім вырастала зусім незайздросная, трэба было тэрмінова штосьці рабіць для свайго паратунку. Але ён не ведаў што і самотна сядзеў пад крушняй, тужлівым позіркам сноўдаючы па вечаровай прасторы поля. Наўкола амаль ужо сцямнелася, дрэвы і стрэхі ў Княжаводцах знікалі ў паўзмроку, вецер санлява шархацеў снегам у калючым голлі на грушы.

— Во ты, значыць, якая! — са стрыманай злосцю сказаў Антон. — За сябе дрэйфіш? Праваліла заданне! I хочаш праваліць маё жыццё?

— За сваё жыццё ты сам будзеш адказваць. Ты яго так скіраваў. Ці ж я мала цябе адгаворвала?

— Дапусцім, я памыліўся. Прызнаю. Але не памыляецца той, хто нічога не робіць. Хто на печы сядзіць. А мы на памылках вучымся. Хто гэта сказаў? Ты ж адукаваная, павінна ведаць. I яшчэ ты жанчына, ты павінна быць добрай. А не такой злосніцай.