Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 90

Васіль Быкаў

— Пра што ж ты думаў раней?

— Раней пра іншае думаў. Пра цябе, між іншым, — пачаў злавацца Антон.

Ён і сапраўды адчуваў сябе бадай што пакрыўджаным яе незгаворлівасцю. Во ўжо даў Бог звязацца з гэтым упартым дзяўчом, з якім немагчыма нават дамовіцца. Проста дзіўна, адкуль бярэцца ў ёй гэтая казліная ўпартасць. Мяркуючы па яе знешнасці, ніколі не падумаеш, што характар яе такой каменнай цвёрдасці, — на выгляд такая лагодная, без грубага слова, заўжды з гатоўнасцю падтрымаць добры жарт. А тут… Скула зрабілася, а не дзеўка. Такія яму яшчэ не трапляліся. Заўжды ён умеў з імі ладзіць, калі не адразу, дык спакваля, і дамагчыся свайго праз лагоднае слова, вясёлы жарт. З жанчынамі яму заўжды шэнціла, і ён нярэдка звяртаўся да іх у цяжкі момант свайго жыцця. А тут сарвалася…

Снег усё сыпаўся з неба, але быццам цішэйшы стаў вецер, і, здаецца, пачало нарэшце цямнець. Поле хутка засцілалі прыцемкі, траціла скупое святло абкладзенае хмарамі неба. У Антона замерзлі ў сырых ботах ногі, і ён устаў з каменя, пачаў, тупаючы, грэцца пад грушай. Дрэвы і дахі ў Княжаводцах усё яшчэ віднеліся за полем, але ён ведаў, што праз гадзіну ці меней зробіцца цёмна. Ён адвядзе Зоську ў вёску, знойдзе яе сяброўку, можа, там будзе спакойна, і Зоська застанецца ў знаёмых. Яму ж трэба прабірацца ў атрад. Снег пакуль неглыбокі, за ноч ён адмахае кіламетраў трыццаць, мясцовасць па той бок Нёмана яму добра знаёмая. Але перш чым расстацца з Зоськай, трэба дамагчыся ад яе паперу, што ён памагаў ёй у разведцы, а не прападаў немаведама дзе трое сутак. Канешне, ён разумеў, што і з такой паперай не проста выкруціцца, але з дапамогай Зоські ўсё, можа, абыдзецца. Без яе ж яму поўны капут, самому яму не апраўдацца.

— Ужо цямнее, — спакутаваным голасам сказала Зоська, прыўзняўшы галаву.

Напэўна, ужо можна было, не баючыся, выходзіць са свайго сховішча ў поле. Пакуль яны дашкандыбаюць да вёскі, сцямнее і яшчэ болей, але Антон бавіў час: яму хацелася напаследак дамовіцца з Зоськай.

— Зараз пойдзем, — сказаў ён. — Давай руку, уставай, пагрэй ногі.

Ён памог ёй падняцца з каменя, і яна, хіснуўшыся, ледзьве ўтрымалася на нагах. Антон падхапіў яе пад руку, але, нецярпліва варухнуўшы локцем, яна адхіліла яго дапамогу.

— Я сама.

Што ж, калі ласка, давай сама, калі можаш. Толькі яна не спяшалася сама, звярнуўшы набок галаву, спярша нязручна ўгледзелася ў яшчэ прыкметныя абрысы Княжаводцаў.

— Я пайду ў вёску, — глуха сказала яна, адвярнуўшыся. — А ты ідзі за Нёман.

— Нашто? — здзівіўся Антон. — Спярша давяду цябе, устрою…

— Гэта не трэба, — сказала яна.

— Чаму? — насцярожыўся ён. Упартае нежаданне ягонай дапамогі чымсьці азадачвала Антона, але ён яшчэ не здагадваўся, што было прычынай гэтага нежадання.

— Я пайду адна.

— Не, адну я цябе не пушчу.

Яна яшчэ пастаяла, згорбіўшыся і хваравіта трымаючы руку на павязцы, і раптам моўчкі апусцілася на ранейшы свой камень.

— Во яшчэ фокусы! — сказаў ён. — Ты што, начаваць тут збіраешся?

– Ідзі за Нёман! — ціха, але цвёрда сказал яна. — Пасля я пайду ў Княжаводцы.