Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 89

Васіль Быкаў

Вось як толькі Зоська?

— Яна дзе жыве, сяброўка твая? — Антон павярнуўся да Зоські. — З якога канца?

Зоська марудна прыўзняла абсыпаную снегам галаву і коратка зірнула на яго з пакутным выразам на апухлым твары.

— А табе што?

— Ну, як падысці? Калі з гэтага канца, дык можна рызыкнуць і цяпер. Каб не цягнуць да ночы.

Яна зноў апусціла няўклюдна абвязаную галаву левым бокам на рукі і ледзь чутна спыталася:

— Спяшаешся?

— Спяшаюся, а як жа. Пагуляў, і годзе. Трэба за справу брацца.

— Скідзель недалёка. Пятнаццаць кіламетраў.

— А нашто Скідзель? Мне ў атрад трэба.

— Во як! Значыць, перадумаў?

— А хоць бы і перадумаў. Ты ж чула: замінка ў вайне палучылася. Немцаў ад Сталінграда пагналі. А там у іх лепшыя сілы.

Зоська маўчала, і ён пачаў падцягваць самаробны рэмень на вінтоўцы. Відаць, гэты Салей быў такі партызан, як і яго вінтоўка з іржавым, забітым гразёй затворам і трэснутым пасяродку прыкладам, рэмень замест трэнчыка быў прывязаны да ложа матузом. Трэба будзе ўсё гэта прывесці ў належны выгляд, інакш які ж ён партызан з гэткаю зброяй. Цяпер, калі, на бяду ці на шчасце, у яго сарвалася з гэтым Скідзелем, Антон нават ажывеў неяк, нягледзячы на перажытае, — усё ж ён вяртаўся да труднага, але звыклага жыцця ў лесе, сярод сваіх, знаёмых людзей. Але як яны паставяцца да яго пасля такой доўгай самавольнай адлучкі — гэта пытанне, як стрэмка ў целе, сядзела ў яго трывожнай свядомасці. Ён яшчэ нічога да канца не дадумаў, але ўжо адчуваў, што ўсё будзе залежаць ад Зоські. Зоська можа яго ўратаваць, а можа і загубіць, калі ён вернецца ў атрад. Значыць, перш за ўсё трэба наладзіць адносіны з Зоськай.

— Зося, а Зося! Ты на мяне не сярдуй, — сказаў ён амаль з просьбай у голасе. — Я ж хацеў як лепей. Для цябе і для сябе.

— А я і не сярдую. Што на цябе сердаваць!

— Во маладзец! — сказаў ён узрадавана. — Прыйдзем да сваіх, паправішся… Мы яшчэ паладзім з табой, праўда?

— Не ўжо, мы не паладзім.

— Гэта чаму? Я ж цябе…

— Памаўчы лепш, — глуха перапыніла яна, і ён падумаў: няўжо так пакрыўдзілася? Ці вельмі баліць рана? Рана, вядома, кепская, як бы Зоська, калі нават і выжыве, не засталася трохі вар’яткай. Галава ўсё ж не мяккае месца ззаду. Галаву перш за ўсё берагчы трэба, таму, мабыць, салдатам на фронце выдаюць каскі. Разумныя людзі прыдумалі. Калі пашкоджаны чэрап, дык можна і памерці, гэта няважна, што пакуль стаіш на нагах і пры памяці. Памёр жа вунь ад такой раны ў галаву партызан з першага ўзвода Сажнёў, хаця перад тым двое сутак быў на нагах і чуў сябе някепска.

— Слухай, Зоська, — сказаў ён мякчэй, амаль ласкава. — Ты ўчора казала, што можаш напісаць камандзіру. Ну пра мяне вобшчам…

— Што напісаць? — не зразумела яна.

— Ну ты гаварыла… Што я памагаў табе і так далей. Што прыкрыў групу там, на «жалезцы». Бо калі б не я, яны б там усіх, як Салея. Ты ж бачыла, так жа?..

— А нашто пісаць? — холадна сказала Зоська. — Ты што, мяне ўжо закапваеш?

— Я не закапваю. Але ж ты застанешся, — кіўнуў ён на вёску. — А мне ў атрад.

— Ужо як-небудзь і я дабяруся ў атрад.

— Але пакуль ты дабярэшся, мяне могуць… Як я там апраўдаюся?