Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 88

Васіль Быкаў

— Вунь вёска, бачыш? — кіўнуў Антон Зосьцы, калі тая прыплялася да грушы.

— Княжаводцы, — нейкім незнаёмым голасам ціха сказала Зоська. Антон уважліва зірнуў на яе і здагадаўся: гэта ад пухліны, якая скарэжыла ўвесь правы бок яе твару.

— Што, знаёмая вёска?

— Знаёмая. Улетку тут у сяброўкі была.

— Во і добра. Ёсць дзе прытуліцца. Пацямнее — пойдзем. А пакуль сядай, трэба чакаць.

Ён вывернуў з-пад снегу плоскі вялікі камень на краі крушні, і Зоська з гатоўнасцю апусцілася на яго, зноў, быццам ад зубнога болю, левай шчакой паклала галаву на далоні.

— Ляснула тваё заданне, — сказаў Антон, сядаючы на другі камень побач. — I маё таксама. Што рабіць?..

Ціха стогнучы, Зоська маўчала, і ён, павярнуўшы затвор, зірнуў у магазінную каробку вінтоўкі. Там было ўсяго два патроны і стрэленая гільза ў патронніку. Гільзу ён выкінуў на снег, патроны ўціснуў глыбей у каробку. Два патроны, вядома, мала, амаль нічога, хіба што на крытычны выпадак. Добра, аднак, што здабыў вінтоўку. Праўда, сам ледзьве не трапіў у паліцэйскія лапы, але вінтовачку ўсё ж падхапіў. Шкада, не паспеў памацаць у Салея ў кішэнях, мабыць, там знайшоў бы якую пару абоймаў. Але і так ледзьве дабег да хвойніку. Ва ўсякім выпадку з вінтоўкай ужо можна будзе вярнуцца ў атрад, вось толькі што ён скажа ў атрадзе аб сваёй трохдзённай адсутнасці? Чорт, як няскладна ўсё атрымалася! I трэба ж было яму выбраць такі недарэчны момант. Не, каб пачакаць пару дзён у лагеры і дачуцца аб тым, што здарылася пад Сталінградам. Але хто мог думаць, што справы ў Сталінградзе абернуцца такой нечаканасцю і ў такі менавіта час? Ды і Зоську ніколі раней не пасылалі ў Скідзель, як можна было ўпусціць такі здатны шанец? Эх, Зоська, Зоська! Гэта яна па-дурному парушыла ўсе ягоныя планы і ледзьве не загубіла яго і сябе таксама… А можа, яна ўратавала сябе і яго? — раптам падумаў Антон. Калі на ўвазе мець Сталінград, дык сапраўды ўтрымала ад згубнага апошняга кроку. Ведала роўна столькі, колькі ведаў і ён, а глядзі, здагадалася… Што значыць жаночае адчуванне! У яго ж такога адчування не аказалася, і ён ледзьве не сунуўся ў гэты паліцэйскі мурашнік у Скідзелі. Цяпер няцяжка было ўявіць, чым бы ўсё скончылася, калі б ён прывалокся да таго ж Капыцкага. Вось і атрымліваецца, што Зоська была разумнейшая за Антона і хоць бы ўскосным чынам ратавала яго.

Адвярнуўшыся ад ветру, Антон цярпліва сядзеў на камені, падняўшы каўнер кажушка, вінтоўку паклаў на калені. У гэтай беганіне, мітусні і перастрэлцы ён не заўважыў, колькі мінула часу, і думаў, што неўзабаве пачне вечарэць. Але пакуль што было відна, усё сыпаў снег, і праз якія-небудзь паўвярсты ад грушы відаць былі голыя кроны дрэў і стрэхі хат у Княжаводцах. Трэба было яшчэ пачакаць. Ён не адчуваў сцюжы, і каб не вецер, дык у кажушку яму наогул было цярпіма сярод гэтага завейнага поля пад грушай.