Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 86

Васіль Быкаў

На вузкай прагаліне ў сасонніку яна ўбачыла знаёмыя сляды на снезе і слепа пабрыла па іх. Каб не ўпасці, яна ўвесь час хапалася рукой за голле, другой заціскаючы рану. Цяпер ёй нічога не заставалася, як толькі дагнаць Антона, калі той не ўцёк далёка, каб з яго дапамогай перавязаць рану. Сама яна ўжо не магла гэта зрабіць і баялася страціць прытомнасць. Яна кепска бачыла ў гэтым гушчары сваім адным вокам і ўзрадавалася, калі пачула за хвояй трэск голля.

— Антон!..

— Ну што? Ідзі сюды…

З завалочанага хмарамі неба сыпаў дробны сняжок.

18

Антон чакаў Зоську — а што яму яшчэ заставалася, не бегчы ж наўздагон за гэтым баламутам-сяржантам. Вядома, і сяржант, і Зоська цяпер былі яму непатрэбны. Здаецца, ён выкруціўся з найбольшае бяды, адкараскаўся ад самасуду, уцалеў ад паліцэйскай кулі і нават займеў вінтоўку забітага на рэйках Салея. З Зоськай, напэўна, усё ўжо скончана — нашто яму Зоська? Хаця… Хто ведае, што будзе далей, але вось яна выбегла з-за хвоек з залітай крывёю шчакой, і нешта ў Антона хваравіта сцялася ад аднаго толькі выгляду яе прывабнага, а цяпер перакошанага балючай грымасай твару.

— Бінт ёсць?

Бінта, аднак, у яе не аказалася, у яго таксама не знайшлося ў кішэнях нічога здатнага для перавязкі. Трэба было разадраць што-небудзь з бялізны, але не распранацца ж тут, пад носам у паліцаяў. Перш за ўсё належала зашыцца ў лесе, калі пашчасціла ўжо адарвацца ад даганятых: кожная хвіліна была дадзена Богам для паратунку.

— Во чорт! — вылаяўся Антон, услухоўваючыся ў недалёкія, на ўзлеску, галасы паліцаяў, — яшчэ, чаго добрага, кінуцца па слядах. Зоська ўсё заціскала далонню рану, трудна дыхала, і ён схапіў яе за руку.

— Як? Трываць можаш?

Яна нешта сказала, але ён не пачуў і павалок яе праз хвойны гушчар далей ад узлеску, у глыб гэтага маладога хвойніку, пакуль той не абклалі паліцаі. Абкладуць, тады зноў прабівайся з боем, што можа скончыцца новай крывёй, калі не пагібеллю абаіх.

Але неяк нечакана хутка хвойнічак скончыўся, яны выбеглі на рэдкаваты ўзлесак, і Антон дазволіў сабе спыніцца, каб перавесці дыханне. Зоська адразу ўпала на прысыпаны снегам мох, а ён спярша агледзеўся. Наперадзе ляжала нешырокае снежнае поле, зводдаль цямнелася паласа новага ўзлеску. Разглядзець яго здалёк было цяжка — густа сыпаў снег. Але снег цяпер, можа быць, дарэчы, падумаў Антон, ён схавае сляды, замгліць, дасць уцячы ад пагоні. Трохі аддыхаўшыся, Антон павярнуўся да Зоські, якая, схіліўшы галаву, бокам ляжала між хвоек.

— Ну, ты як?

Яна не адказвала, толькі, сціскаючы зубы, ціха стагнала. Плячо яе плюшавага сачка было ў крыві, хустка з правага боку таксама прамокла загусцелай плямай крыві, на якую наліпалі сняжынкі. Антон прысланіў да сухога сучка вінтоўку і рашуча расхінуў свой кажушок. Выцягнуўшы з-пад світэра падол сподняй кашулі, ададраў ад яе нешырокі шкумат і прысеў перад Зоськай.

— Ану дай!

Здаецца, усё ж дзяўчыне пашэнціла — куля трохі зачапіла галаву, а калі б узяла глыбей, дык перавязка ўжо не спатрэбілася б. Моршчачыся ад крыві, якая ўсё сачылася з раны, Антон абматаў свой шкумат па залепленых снегам і крывёй валасах, як-колечы завязаў канцы, Зоська, дужа збялеўшы, ціхенька стагнала, яе правае вока, брыво і нават шчака заплывалі мяккай сінюшнай пухлінай. Перавязваючы яе, Антон увесь час адчуваў нейкае дзіўнае, непадуладнае яму пачуццё, перамешанае са спагадай і амаль неадольнай фізічнай гідлівасцю.