Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 85

Васіль Быкаў

— Па адным! — сказаў, задыхнуўшыся, Антон. — Кароткімі перабежкамі…

Сяржант злосна азірнуўся на яго, пашукаў вачыма Салея.

— Салей, агонь!!

Салей зноў распачаў страляць з калена па тых, што насядалі з дарогі. Напэўна, яны там былі ўжо блізка, але Зоська не глядзела туды, яна адно скаланалася, калі блізкая куля біла ў насып, абсыпаючы яе жвірам і снегам. Але вось, выбраўшы, напэўна, момант, сяржант рыўком ускочыў на ногі, штось крыкнуў і кінуўся цераз рэйкі, адразу знікшы на тым баку аднапуткі. За ім, азірнуўшыся, з меншым спрытам перабег рэйкі Пашка. Зоська ляжала побач з Антонам. Цяпер, напэўна, чарга была за ім, але Антон чамусь бавіў час, і яна, не зразумеўшы прычыны яго маруднасці і зноў баючыся адстаць, на руках і каленях выскачыла з канавы.

Яна ўдала перабегла наўкось абедзве рэйкі, ухапіўшы позіркам рухавыя постаці хлопцаў, якія ўжо ўбягалі ў сасоннік, і выпрасталася, каб пераскочыць неглыбокую з гэтага боку канаву. Але менавіта ў гэты момант нешта незразумелае з чыгунным звонам выцяла яе па галаве. Зоська хіснулася, але не ўпала, недаўменна схапілася рукой за галаву і, убачыўшы на далоні кроў, зразумела, што паранена. Яна аслабела перабегла канаву, улезла ў засыпаны снегам быльнёг і, заціскаючы далонню рану на скроні, пабегла да недалёкага ўжо сасонніку.

Яна баялася ўпасці і не азіралася. Толькі калі ззаду і блізка грымнуў вінтовачны стрэл, яна, бегучы, павярнулася — гэта страляў ззаду Антон. Салея не было відаць, і яна, хістаючыся і вельмі баючыся, каб не спатыкнуцца і не ўпасці, бегла па чыстым снезе. Правы бок галавы неяк недарэчна пухнуў ад глыбокага звонкага болю, кроў залівала вуха, шчаку і шыю пад хусткай, але Зоська бегла да выратавальнага ўзлеску, дзе ўжо схаваліся сяржант і Пашка.

Антон дагнаў яе перад самым узлескам і зноў, бегучы, стрэліў кудысь з вінтоўкі. Упершыню адным вокам (другое ўжо заплыло крывёю) яна зірнула ў той бок, куды ён страляў, і жахнулася: іх даганялі паліцаі. Двое з іх беглі з вінтоўкамі амаль па пятах, адзін, прыпыніўшыся, страляў у Антона. Сасоннік маўчаў, сяржант з Пашкам зніклі. Неяк ухінуўшыся ад кулі, Антон абмінуў Зоську і зараз жа схаваўся ў хвойніку. Зоська зноў апынулася апошняй, а паліцаі беглі праз сотню метраў за ёй. Боль пухнуў у галаве, ахапіўшы ўвесь правы бок, крыўда рвала яе сэрца, яна адчувала, што гіне — па-дурному і марна. Але яна ўсё ж згледзела тое месца, дзе схаваўся Антон, і пад стрэлы і крыкі ззаду таксама ўляцела ў сасоннік. Цяпер яе надзея была на Антона. Ён меў вінтоўку і быў бліжэй за іншых. I Зоська бегла, як толькі можна было бегчы ў гушчары, — раздзіраючы грудзі, плечы і рукі, аберагаючы толькі галаву ад растапыранага з усіх бакоў сучча. Ззаду бахалі стрэлы і чуліся галасы, але, здаецца, паліцаі адсталі і не маглі яе бачыць. Яна пабегла цішэй і, выбіваючыся з сілы, паволі перайшла на крок.