Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 82

Васіль Быкаў

– Ідзіце сюды! — ціха паклікаў іх да сябе сяржант, і яны ўсе падышлі да яго кучаравай хвойкі. — Вунь, бачыце?

Паўзіраўшыся цераз поле ў расцягнены далёкі ўзлесак, Зоська ўбачыла там людзей, коней з вазамі, мабыць, там пралягала дарога, і людзі па нейкай патрэбе спыніліся на ўзлеску. З гэтага боку, ад поля, дарогу і людзей трошкі затуляў рэдкі бярэзнічак, праз які, аднак, усё было відаць на дарозе. Аднекуль справа бег у той бок невысокі насып чыгункі з радком тэлеграфных слупоў і рэдзенькай паскай кустоўя. Напэўна, гэта і была тая чыгунка, пра якую гаварыў у раўку Салей.

— Бачылі? — азірнуўшыся, кіўнуў сяржант. — Паспрабуем за насыпам.

— Панятна, — сказаў Антон такім тонам, быццам ён быў тут раўнапраўны баец, а не чалавек пад арыштам. — Толькі перабежкамі трэба.

— Не перабежкамі, японскі гарадавы, а на пузе! Па-пластунску, ясна? — злосна паправіў яго сяржант.

— Можна і па-пластунску. Лепш за ўсё па канаве.

— Па канаве, вось іменна. Значыць, так! — азірнуўся сяржант. — Я іду наперадзе. За мной — ты! — паказаў ён на Антона. — Пасля Пашка і ты, — тыцнуў ён пальцам у Зоську. — Салей, будзеш апошнім. У выпадку чаго — агонь і рыўком у лес. Панятна?

— Ясна! — ранейшым тонам за ўсіх адказаў Антон. Яны павярнулі між соснаў управа і, не выходзячы на ўзлесак, накіраваліся да чыгункі. У хвойніку іх не было відаць, але хвойнік не дапяў да чыгункі, узлесак неўзабаве павярнуў убок, наперадзе быў голы кавалак поля, які трэба было пераходзіць у адкрытую. Сяржант раздражнёна памянуў японскага гарадавога, пачакаў, і Зоська падумала: пашле кагось наперад. Але не паслаў. Азірнуўшыся па баках і трошкі ўгнуўшы галаву памчаўся па полі сам. За ім, таксама ўвабраўшы галаву ў плечы, шырока засігаў па снезе Антон. Пашка-таўстунок памарудзіў, мабыць, болей, чым трэба было, і калі сяржант ужо дабег да чыгункі, па-бабску валюхаючы задам, патрухаў па свежых слядах. Зоська не стала чакаць, калі ён адбяжыць далёка, і пабегла за ім. Хаця і было далекавата, але яна ўжо згледзела за насыпам коней, калёсы, што стоўпіліся каля такога ж хвойнага ўзлеску, там жа відаць было некалькі чалавечых постацей, але адсюль зразумець, што яны рабілі, было немагчыма. Тым не менш з дарогі, здаецца, іх не заўважылі, яны ўсе перабеглі ад хвойніку да чыгункі, не пачуўшы ні крыку, ні стрэлу. Быццам пакуль усё абышлося… Здаецца, і сапраўды абышлося. Зоська зразумела гэта з палёгкай, калі сама дабегла да калючых кусцікаў прыдарожных прысадаў і калі туды ж, быццам і не надта гнучыся, толькі прыгорбіўшыся, прытрухаў Салей. Сяржант бокам ляжаў на снезе і жэстам паклаў ля сябе астатніх.

— Усё ціха? Так… Цяпер на кароткіх дыстанцыях…

Не шмат разважаючы, ён ускочыў на ногі і памчаўся ўздоўж па канаве, за ім памчаўся Антон. Зоська адчула, як мацней забілася сэрца ці то ад знямогі, ці, можа, таму, што небяспека ўсё павялічвалася — цяпер ім належала праслізнуць пад самым носам у немцаў. Ох, калі ды заўважаць! Сапраўды, была б хоць зброя, а то… Хіба што пакажа сваё ўмельства гэты занудны сяржант. Наколькі ён быў ёй несімпатычны раней, настолькі цяпер браў на сябе ўсю надзею.