Читать «Знак бяды» онлайн - страница 98

Васіль Быкаў

— Пётра! А Пётра!..

Мабыць, Пятрок адразу адчуў нешта кепскае ў яе голасе — такім голасам яна звярталася да яго не часта. Ён кінуў на снег вядро і ўстрывожана ступіў ёй насустрач.

— Пётра, што ж гэта робіцца? — сказала яна і ўсхліпнула. Пятрок разгублена стаяў насупраць.

— Хто табе? Што цябе?..

— Яны ж заб'юць нас. І хату спаляць… Яны ж азвярэлі! У мяне і кошычак адабралі…

Пятрок неяк адразу абвянуў, засмуціўся, толькі ўздыхнуў, вымавіўшы:

— Дык і цябе, значыць…

— А што, і цябе?

— І мяне… У сасонніку, ага?

— У сасонніку.

Пятрок азірнуўся, падышоў да дрывотні, паслухаў трохі, узіраючыся ў бок недалёкага рова.

— Слухай… Паслухай мяне. Нікому ні слова! І не патыкай носа! Сядзі дома. Бо… І мне гразіліся: за адно слова спаляць.

Сцепаніда апусцілася на шурпаты яловы камель на санях, у яе ўжо не было сілы стаяць. Значыць, і Пятрок пабываў ужо ў іхніх руках, значыць, і ён ужо з імі пазнаўся і цяпер загадвае маўчаць. Інакш… Сапраўды, страшна падумаць, што будзе інакш. Дзе тады жыць? Куды ісці з дзецьмі?

Пятрок напаіў каня, завёў і паставіў у хлеў. Папоркаўся там нядоўга і зноў выйшаў на двор. Ужо было зусім цёмна, з-за рага істопкі дзьмуў пругкі вецер, зорак у небе не было відаць ніводнай. Сцепаніда сядзела на бервяне, абнямоглая, заплаканая, і думала: што рабіць? Галоўнае, каб усё тое неяк не зачапіла дзяцей, не апаліла іх бязлітасным сваім крыллем, абышло міма. Пасля, канешне, будзе ўсё, але як падрастуць, хай. А цяпер каб уберагчы як ад благога іхнюю дзецкасць, іх слабыя, недарослыя душы.

— Во, бабанька ты мая, дажыліся! — прытэпаў да яе Пятрок. — Хто калі думаў! Гэта ж і я: еду, толькі павярнуў з гасцінца — наўпрасткі хацеў, — выходзіць. Давай каня! Які табе конь, не бачыш — дровы. Давай, і ўсё. І руляй пад нос. Узяў бы, але гужы ў мяне слабыя, ірваныя гужы, я і кажу… Паглядзеў, пусціў. Кажа: родзіч усё ж. Каб ты спруцянеў, такі родзіч! Ну, але калі што — спаляць. Яны такія. Раз'ятраныя. Ім што? Ім губляць нямашака чаго. Як ваўкі ў лесе.

— Браты там, ці што?

— А чорт іх ведае! Але не адзін. Я ж бачыў…

— Дык што ж? Маўчаць?

— А што ж яшчэ? Жаліцца? Дык пашкадуй дзяцей!

Сцепаніда маўчала. Дзяцей яна пашкадуе, канешне, але хто пашкадуе яе? З яе наглуміліся, цяпер яна будзе глуміцца сама з сябе, трываць, калі не трываецца, маўчаць, калі з нутра рвецца крык. Хіба гэта па-людску?

Усю тую доўгую ветраную ноч яна не заплюшчыла вока — ляжала, як дзеравяная, на палку пры печы, — думала. Думы былі бясконцыя, цяжкія, беспрасветныя, з безліччу пытанняў, на якія яна не знаходзіла адказаў. Нешта ў свеце заблыталася, перамяшалася, зло з дабром ці адно зло з другім, яшчэ большым злом. Ці, можа, у ёй самой што змянілася — перайначылася, надламілася, спапялела, спрахнула? Яна шмат чаго не разумела, але добра адчувала адно: так не павінна быць, не па-чалавечы гэта, значыць, нешта трэба рабіць. Не ляжаць, не чакаць, не мірыцца — заўтра ж трэба бегчы ў Выселкі, у мястэчка, у акругу ў Полацак, дайсці да добрых людзей. Не магло ж таго быць, каб недзе там, наверсе, не было разумных людзей, якія зробяць як трэба, дамогуцца справядлівасці і адвядуць бяду. Гэтыя не маглі, ці не ўмелі, або не хацелі, ці не разумелі чагось, значыць, трэба вышэй. Перад яе вачмі ўсё стаяў Новік, як ён тады патрабаваў раскулачыць, але ж аднаго Гужова, пра іншых ён не казаў нічога. Яна не галасавала супраць Гужова і пасля дужа шкадавала старых Гужовых, але цяпер, пасля ўчарашняй сутычкі ў сасонніку з іхнім Зміцерам, жаласць да іх у яе прапала. Хай раскулачваюць, хай вывозяць з вёскі гэтага зверыядаўца, каб яго і духу тут не было. Без яго тут будзе спакойней.