Читать «Знак бяды» онлайн - страница 97

Васіль Быкаў

— Гэта чаго? Што мне, у мястэчка нельга?

Гуж падышоў бліжэй, можа, думаў, што яна павернецца ад яго, саступіць са сцежкі, а яна не павярнулася і не саступіла. Яна гнеўна глядзела ў яго, мусіць, не надта цвярозы, малады яшчэ твар з белымі брывамі. Твар, як ні дзіўна, не выдаваў нічога: ні асаблівай злосці, ні строгасці, ні якой пагрозы, толькі вочы былі дужа пільныя і сцюдзёныя.

— Там што? — кіўнуў ён на кошык і, перш чым яна паспела адказаць, выхапіў кошык з рук. — Хустка, хлеб… А гэта? Грошы? Грошы спатрэбяцца…

Ён запіхаў у кішэнь чорных брыджаў яе насовачку з пакамечанай траячкай і раптам азвярэла вылаяўся:

— А цяпер бягом! На хутар бягом!!! Акцявістка, ядрыт тваю такую!..

— Што ты робіш? Што робіш? Я закрычу, нахабнік ты! — раз'юшылася і Сцепаніда. Тады Гуж саўгануў чымсь пад палой кажушка і тыцнуў у грудзі ёй руляй. Так, гэта была кароценькая чарнаватая руля без мушкі, яна ўвапхнулася ў кажушок насупраць сэрца, вялікая Гужова рука туга ашчаперыла абрэзаную дзеравяшку ложа.

— Тваё шчасце, радня што! А то… Паняла?

Так, мабыць, яна паняла. Тым болей што ў хвойнічку непадалёк, трошкі шавелячыся і шавелячы галінкі, стаілася і яшчэ адна цьмяная постаць — пільна сачыла за іхняй сутычкай на сцежцы.

Сцепаніда павярнулася і пайшла сцежкай у глыб хвойніку да хутара, ні разу не азірнуўшыся і трошкі баючыся стрэлу ў спіну. Ведала, Зміцер быў здольны на ўсё. Бывала, падлеткам абтрасаў сады, глуміўся з меншых, пляжыў гародніну ў Выселках. Калі ў суседа Карнілы завёўся сабачка, які не даваў Гужу разбойнічаць паначы, дык той злавіў яго, удушыў і павесіў у Карнілы на шуле. Гэты літасці не меў ад роду. Не тое што ягоны рупны, добры і гаспадарлівы старэйшы брат ці нават строгі, але спакойны, набожны бацька, які даводзіўся нейкай раднёй Петраку.

— І каб нікому не слова! Паняла? А то пеўніка пад стрэшку! Ты мяне знаеш! — данеслася ўжо здаля.

Зноў яна, нібы пабіты сабака, ішла ў свой хутар і душылася ад слёз адчаю, крыўды і бяссілля. Нікуды не паткнуцца! Яе абрабавалі, як якога дурня, за вярсту ад жытла, адабралі апошні рубель. І хто? Зноў жа свой чалавек, якога яна яшчэ смаркачом гразілася некалі абстрыкаць крапівой за тое, што крыўдзіў малых на выгане. Цяпер не абстрыкаеш, цяпер стрыкаецца ён, ды так, што абпякае душу. Не шкада ёй было тае траячкі, але во нахабна так пагразіўся, і яна мусіла слухацца, бо што яна зробіць? Калі ён пайшоў на такое, яму нядоўга і падпаліць сядзібу. Ці забіць дзе ў хвойніку.

Ну але тады што — трываць?

Трываць было не ў яе характары, мусіць, яна ўсё ж на нешта наважыцца, нешта зробіць. Найперш яна раскажа Петраку, а заўтра збегае да Ганчарыка, у сельсавет. Усё ж ёсць Савецкая ўлада, знойдзецца нейкая ўправа на тых разбойнікаў у лесе.

Калі яна дабрыла да хутара, ужо сцямнелася, у намерзлым акенцы мірна блішчэў чырвоны агеньчык — дзеці сядзелі пры стале за ўрокамі. Пятрок паіў на падворку каня, мусіць, толькі што выпражанага з саней, якія стаялі каля дрывотні з некалькімі тоўстымі сухадрэвінамі — ці не з Баранняга Логу. Цяпер будзе чым уволю напаліць печ, мабыць, хопіць да цёплага. Але дровы, якія ў іншы час парадавалі б яе, цяпер ледзьве крануліся яе свядомасці — яна падалася да Петрака.