Читать «Знак бяды» онлайн - страница 96

Васіль Быкаў

Яна бегла ўтаптанай дарогай у сваю Яхімоўшчыну, і слёзы цяклі па яе зяблых шчоках, а ўнутры ў яе ўсё галасіла, і яна не ведала, што рабіць. Яна толькі адчувала з незвычайнай выразнасцю, што зараз жа трэба нешта зрабіць, некуды бегчы, звяртацца да некага. Але куды бегчы і да каго звяртацца?

А можа, да Новіка? Усё ж свой, вясковы, і цяпер — вялікі начальнік. Ён жа тады вёў гаворку пра аднаго Гужа, іншых не памінаў. Ён павінен ведаць гэтых людзей — якія ж яны кулакі? Паскардзіцца, хай скасуе гэты загад на раскулачванне. Мала што напісала газета? Паглядзець, хто напісаў у газету — падшыванец гэты, няўклюда лягчоная, ні хлопец, ні дзеўка — паскуда адна! Дык яго слухацца?

Сцепаніда прыбегла на хутар, зазірнула ў хлеў, дзе звычайна корпаўся ля скаціны Пятрок, але Петрака цяпер не было і саней не было пры хляве — ці не паехаў па дровы? Даўно збіраўся і казаў: пакуль не адабралі каня, трэба навазіць дроў. Хай возіць. Яна забегла ў хату, у куфры пад прыскрынкам у яе была прыхавана завязаная ў насовачцы траячка — берагла на які пільны выпадак, але, мабыць, пільнейшага ўжо не будзе. Падумаўшы, ухапіла яшчэ кошычак, кінула туды свяжэйшую хусцінку, адрэзала лусту хлеба. Не блізкі свет Полацак, калі дабярэшся да яго. Але з мястэчка нехта паедзе. Забегчы да Лейбы, ён балагол, можа, адвязе. Не хопіць грошай, каб заплаціць, — папрасіць у доўг, пасля, можа, заплоціць яйкамі ці яшчэ чым. Лейба — чалавек добры, мог і пачакаць да вясны ці да лета. Не паднімаў вэрхал, як іншыя.

Было ўжо не рана, сонца асела ў хмару на захадзе, мароз апаў, уначы ці не паверне на адлігу. На голле ліп насела варання, нешта кешкаліся там, крычалі — мабыць, сапраўды будзе адліга ці вецер.

Сцепаніда спяшалася. Каб зберагчы час, збочыла з дарожкі на сцежку цераз малады сасоннік — гэтым зразала лішніх паўвярсты шляху. Сцежка была не дужа ўтаптаная — некалькі пар ног пратупалі ў снезе, але цяпер, пасля адлігі ў мароз, снег трымаў добра, толькі ў самым сасонніку быў рыхлаваты, і яна правалілася разы два. Стала горача, трохі распусціла каля шыі хустку і, то ўгінаючы галаву ад хвойнага сучча, то ўхінаючыся ўбок сама, прабіралася так у самым гушчары да гасцінца і думала: каб хоць застаць дома Лейбу, а то, можа, з'ехаў куды, тады трэба будзе ці начаваць, ці вяртацца на хутар.

Яна ўжо гатова была збегчы з прыгорачка на ўезджаны шлях гасцінца, як у прыдарожных сасонках наперадзе кагось згледзела. Было, аднак, цемнавата, вечарэла; нехта, прыгнуўшыся, шаснуў ад яе ўбок, а другі, вялікі мужчына ў караткаватым паўкажушку і чорнай калматай шапцы, ступіў ёй насустрач.

— Куды, Сцепаніда? — неяк дужа спакойна гукнуў ён, і яна адразу пазнала малодшага Гужовага сына Зміцера. Гужоў тыдзень назад раскулачылі, забралі набытак, але пакуль што нікуды не вывезлі, казалі, чакаюць вагоны. Цяпер гэты з Гужоў заступіў ёй сцежку, і яна стала, не ведаючы, што адказаць яму.

— Куды разбеглася, пытаю?

— У мястэчка. А табе што?

— Чаго гэта ў мястэчка?

— Ну, дзела ёсць.

— Дзела напроціў ночы?

— Ну а што?

— А тое, што пойдзеш назад. Паняла?